Віленскі раённы суд падоўжыў тэрмін утрымання пад вартай 18-гадовага ўкраінца, які ўдзельнічаў у падпале крамы Ikea ў Вільні ў мінулым годзе. Мужчына знаходзіцца пад вартай роўна год. У Літве яго абвінавачваюць у тэракце.
Малады украінец з’яўляецца членам арганізаванай злачыннай групы, звязанай з расійскімі спецслужбамі, якая здзяйсняла падпалы ў Еўрасаюзе.
Гэта той самы чалавек, які здымаў буйны пажар гандлёвага цэнтра на вуліцы Марывільскай у Варшаве. Згаданыя запісы, як пазней устанавілі следчыя, былі выкарыстаныя расійскай прапагандай. На мінулым тыдні ён даў тлумачэнні, адказаў на пытанні следчых, выказаў раскаянне і прызнаўся ў інкрымінаваным яму ўчынку.
Пракуратура, патрабуючы далейшага ўтрымання пад вартай, спасылалася, сярод іншага, на рызыку ўцёкаў, бо мужчына не мае сувязяў з Літвой і можа ўцячы з краіны ў любы час. Яго сям'я жыве ва Украіне, а патэнцыйныя калабаранты - у розных краінах.
Тэрмін утрымання пад вартай быў падоўжаны на два месяцы. Падпал крамы Ikea у Вільні адбыўся год таму ў траўні. Літоўскія следчыя паведамілі, што абвінавачаны разам з яшчэ адным грамадзянінам Украіны, размясціў у краме выбуховую прыладу з механізмам таймера.
Страты ацэньваюцца амаль у паўмільёна еўра. Другога падазраванага затрымалі ў Польшчы. На момант здарэння абодва былі непаўналетнімі.
У сувязі з доказамі ўдзелу расійскіх службаў у падпале гандлёвага цэнтра на вуліцы Марывільскай у Варшаве, Польшча вырашыла закрыць расійскае консульства ў Кракаве.
IAR/аз