Еўрапейскі Саюз зацвердзіў чарговы, 17-ы пакет санкцый супраць Расійскай Федэрацыі. Пра гэта ў аўторак паведаміла ў сацыяльнай сетцы X вярхоўная прадстаўніца ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас.
Паводле яе, пад санкцыі трапілі амаль 200 суднаў з так званага «ценявага флоту», якія займаюцца транспартаваннем расійскай нафты ў абыход ужо існуючых абмежаванняў. Новыя меры таксама скіраваныя супраць гібрыдных пагроз, парушэнняў правоў чалавека і іншых формаў падтрымкі расійскай ваеннай агрэсіі. Калас падкрэсліла, што ЕС рыхтуе і наступныя абмежавальныя захады.
Тым часамм міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус лічыць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не зацікаўлены ў міры:
«Пуцін відавочна цягне час. На жаль, трэба канстатаваць, што ён усё яшчэ не імкнецца да спынення агню — прынамсі не на ўмовах, магчымых для астатніх бакоў. Заявы гучаць, словы вымаўляюцца, але я арыентуюся выключна на ўчынкі і канкрэтныя дзеянні», — заявіў нямецкі міністр.
У той жа дзень, 20 траўня, пра ўвядзенне новых санкцый супраць Расіі паведаміў і ўрад Вялікабрытаніі. Згодна з заявай МЗС Злучанага Каралеўства, абмежаванні закранаюць арганізацыі, што падтрымліваюць расійскую ваенную інфраструктуру, экспарт энергарэсурсаў, інфармацыйную вайну, а таксама фінансавыя ўстановы, якія спрыяюць фінансаванню вайны супраць Украіны.
IAR/PAP/эж