Беларуская Служба

Забойца ізраільскіх дыпламатаў у Вашынгтоне крычаў «свабоду Палесціне!»

22.05.2025 11:27
Злачынец, які застрэліў двух супрацоўнікаў пасольства Ізраіля ў Вашынгтоне, крычаў «свабоду Палесціне», — заявіла начальнік паліцыі Вашынгтона Памела Сміт.
            .
Супрацоўнікі амбасады Ізраіля ў ЗША былі забітыя ў Сталічным габрэйскім музеі ў Вашынгтоне.EPA/WILL OLIVER/РАР

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп асудзіў напад, назваўшы яго матываваным антысемітызмам.

Меркаваны злачынец быў затрыманы і ідэнтыфікаваны як 30-гадовы Эліяс Радрыгес з Чыкага, паведаміла Сміт падчас прэс-канферэнцыі.

«Падчас арышту злачынец крычаў «свабоду, свабоду Палесціны», — распавяла начальнік паліцыі Вашынгтона. Яна дадала, што перад нападам мужчына абышоў Сталічны габрэйскі музей (Capital Jewish Museum), затым падышоў да чатырох чалавек і стрэліў у дваіх, мужчына і жанчына загінулі. Пасля нападу падазраванага затрымалі ахоўнікі. 

Музей размешчаны насупраць штаб-кватэры ФБР у Вашынгтоне. Старшыня Амерыканскага габрэйскага камітэта (AJC) Тэд Дойч заявіў, што мерапрыемства ў музеі прайшло пад эгідай яго арганізацыі.

Генеральны пракурор ЗША Пэм Бондзі і пасол Ізраіля ў Вашынгтоне Ехіель Лейтэр заявілі, што абмеркавалі інцыдэнт з прэзідэнтам Трампам. Сам Трамп апублікаваў кароткі пост у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

«Гэтыя жахлівыя забойствы ў Вашынгтоне, відавочна заснаваныя на антысемітызме, павінны спыніцца ЗАРАЗ! Нянавісці і радыкалізму няма месца ў ЗША. Спачуванні сем'ям ахвяр. Сумна, што такое можа адбывацца! Хай дабраславіць вас усіх Бог!» — напісаў Трамп.

Мужчына і жанчына, якія загінулі, былі супрацоўнікамі амбасады Ізраіля ў ЗША, яны планавалі вяселле ў Іерусаліме.

РАР/вх