Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа дала ўказанне дыпламатычным прадстаўніцтвам прыпыніць прызначэнне новых сустрэч з нагоды выдачы студэнцкіх візаў. Гэтае рашэнне звязана з падрыхтоўкай да пашырэння працэдуры праверкі акаўнтаў у сацыяльных сетках для тых, хто падае заяву на візу.
Замежны студэнт Гарвардскага ўніверсітэта Леа Гердэн адзначае, што сітуацыя выклікае трывогу:
«Шчыра кажучы, некалькі гадзін я нават не ведаў, ці не стаў я ў гэтай краіне нелегальным імігрантам без дакументаў. Статус Гарварда як установы, якая можа прымаць замежных студэнтаў, усё яшчэ дзейнічае, але праз два дні чакаецца судовае пасяджэнне. І наогул, вакол гэтай сітуацыі шмат нявызначанасці».
Прыпыненне выдачы візаў будзе дзейнічаць «да адмены» і тычыцца як студэнцкіх візаў, так і візаў у межах міжнародных абменных праграм.
Дзярждэпартамент ЗША таксама рыхтуецца да ўвядзення пашыраных патрабаванняў па праверцы сацыяльных сетак тых, хто звяртаецца па студэнцкія візы. Тым не менш, дакладныя параметры новай працэдуры пакуль не раскрываюцца.
У Дзярждэпартаменце ЗША тлумачаць гэтыя дзеянні неабходнасцю «ўважліва правяраць людзей, якія ўязджаюць у краіну». Аднак многія вышэйшыя навучальныя ўстановы крытыкуюць гэтае рашэнне, разглядаючы яго як наступ на свабоду слова і спробу абмежаваць акадэмічную незалежнасць.
IAR/эж