Эстонскія службы не будуць усталёўваць новыя буі, бо гэта толькі выкліча блытаніну, паведаміла ў пятніцу Міністэрства замежных спраў у Таліне.
У канцы мая 2024 года расійскія памежныя службы вывелі з Нарвы 25 эстонскіх навігацыйных буёў. Расійская аперацыя — як тады яе прадставіў эстонскі бок — адбылася пад «покрывам ночы». З таго часу эстонскія ўлады патрабуюць вяртання буёў. Па гэтым пытанні было выдадзена некалькі дыпламатычных нот, але яны засталіся без адказу. Расіяне сцвярджалі, што буі знаходзяцца на іх баку ракі, і не пагадзіліся на ўстаноўку новых.
Вясной гэтага года Эстонія прадставіла новую прапанову адносна месцазнаходжання буёў на летні навігацыйны перыяд, але гэта таксама не прынесла ніякіх вынікаў.
Далейшыя перамовы з Расіяй бессэнсоўныя, заявіла дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Эстоніі Керлі Вескі. Як яна растлумачыла, Расія не пагадзілася праводзіць сумесныя вымярэнні рэчышча ракі для вызначэння фарватару, а таксама не дала адказу на пытанне, дзе ёсць разыходжанні.
«Такія неканструктыўныя дзеянні — тыповая расійская тактыка», — сказала Вескі, падкрэсліўшы, што Эстонія будзе працягваць цесна супрацоўнічаць з саюзнікамі і партнёрамі дзеля сваёй і еўрапейскай бяспекі.
«Нежаданне Расіі ўдзельнічаць у канструктыўным супрацоўніцтве ў галіне ўстаноўкі навігацыйных буёў ускладняе суднаходства па Нарве, і трэба быць асцярожным, каб не апынуцца за межамі эстонскіх вод», — сказаў намеснік дырэктара Дэпартамента памежнай аховы Вейко Коммусаар.
Ён паведаміў, што разам са службамі Frontex будуць узмоцнены меры бяспекі на лініі памежнага кантролю (якая таксама з'яўляецца мяжой НАТА і ЕС) для забеспячэння бяспекі на рацэ, тым больш што пры перасячэнні Нарўскага воднага шляху трэба таксама ўлічваць «перашкоды GPS з боку Расіі», якія маюць месца ў рэгіёне.
Працягласць эстонска-расійскай мяжы складае 338,6 км, з якіх 76 км — рака Нарва, а 127 км — Чудскае возера. Дзесяцігоддзямі эстонцы ўсталёўвалі буі на Нарве, каб палегчыць суднаходства ў памежным раёне і пазбегнуць выпадковага патрапляння на тэрыторыю Расіі.
PAP/вх