Беларуская Служба

Ноч беспарадкаў у Парыжы пасля перамогі каманды Paris Saint-Germain у фінале Лігі чэмпіёнаў

01.06.2025 08:53
Паліцыя не змагла ўзяць сітуацыю пад кантроль.
   .
Начныя хваляванні ў Парыжы.Фота: PAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON

Ад ранняга вечара да самай раніцы на вуліцах французскай сталіцы адбываліся акты вандалізму і небяспечныя інцыдэнты. Паліцыя паведаміла пра затрыманне амаль трохсот чалавек.

Засмечаныя вуліцы, разбітыя вітрыны крам, разрабаваныя буцікі — так выглядае цэнтр Парыжа пасля начных беспарадкаў. Яшчэ да заканчэння матчу на Елісейскіх палях і каля стадыёна Parc des Princes з’явіліся групы моладзі з імігранцкіх прыгарадаў, якія пачалі страляць па паліцыі феерверкамі і рабаваць крамы. Нападалі таксама на пажарных, якія тушылі падпаленыя аўтамабілі і кантэйнеры для смецця.

Не дапамаглі ні заклікі супакоіцца з боку футбалістаў і кіраўніцтва футбольнай каманды, ні прысутнасць больш як 5 тысяч супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія павінны былі забяспечыць парадак на вуліцах Парыжа. Ужываліся вадамёты і слезацечны газ. Па неафіцыйнай інфармацыі, паліцыя прызнае, што не змагла ўзяць сітуацыю пад кантроль.

Жорсткія інцыдэнты мелі месца і ў іншых гарадах. У Грэноблі чатырох чалавек, якія святкавалі перамогу PSG, збіў аўтамабіль — двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. У Нанце быў знішчаны гарадскі аўтобус.

Сёння ў Парыжы больш за сто тысяч заўзятараў плануюць сабрацца на Елісейскіх палях на вялікім парадзе з удзелам футбалістаў PSG. Мерапрыемства будзе суправаджацца ўзмоцненымі мерамі бяспекі.

IAR/нг