Лідары краін «Бухарэсцкай дзявяткі»(B9) і Паўночнай Еўропы сустракаюцца сёння ў Вільні. Галоўнай тэмай перамоваў стане будучы саміт НАТА ў Гаазе, запланаваны на 24-25 чэрвеня, а таксама вайна ва Украіне і агрэсіўная палітыка Крамля.
Польшчу на саміце будзе прадстаўляць прэзідэнт Анджэй Дуда. Сустрэча ў Літве стане чарговай магчымасцю пагаварыць пра ініцыятыву прэзідэнта, датычную павелічэння выдаткаў на абарону, нагадаў кіраўнік Бюро па міжнароднай палітыцы ў Канцылярыі прэзідэнта Войцех Калярскі (Wojciech Kolarski):
— Важна, каб падчас бліжэйшага саміту ў Гаазе было прынятае канчатковае рашэнне аб павелічэнні мінімальных выдаткаў на абарону да 3 працэнтаў ВУП.
Анджэй Дуда ўжо абмяркоўваў ініцыятыву з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ, які выказаў зацікаўленасць прапановай.
Сярод запрошаных гасцей саміту ў Вільні – генсакратар НАТА Марк Рутэ, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Бухарэсцкая дзявятка»(B9) – група з дзевяці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ініцыятыва была створана ў ліпені 2014 года ў адказ на канфлікт ва Украіне і пагрозы ўсходняму флангу НАТА. Праз год быў афіцыйна запушчаны фармат B9.
IAR/аз