Беларуская Служба

Сектар Газа: 27 ахвяр ізраільскага нападу каля пункта раздачы гуманітарнай дапамогі

03.06.2025 10:50
Прынамсі 27 чалавек загінулі і каля 90 атрымалі раненні ў выніку ізраільскага нападу каля пункта раздачы гуманітарнай дапамогі на поўдні сектара Газа.
 ,
Сектар Газа, намётавы гарадок уцекачоў PAP/EPA/HAITHAM IMAD

Мясцовыя медыцынскія службы і Міністэрства аховы здароўя, якое кіруецца ХАМАС, заявілі, што абстрэл вёўся з танкаў, верталётаў і беспілотнікаў, калі натоўп мірных жыхароў сабраўся ў чаканні дастаўкі прадуктаў харчавання.

Інцыдэнт адбыўся раніцай каля кальцавой развязкі Аль-Алам у Аль-Мавасі, побач з цэнтрам дапамогі, якім кіруе Гуманітарны фонд Газы, які падтрымліваецца ЗША. Армія абароны Ізраіля пацвердзіла, што яны стралялі па людзях, якія сышлі з прызначаных маршрутаў да пункта раздачы дапамогі, лічачы іх "падазронымі". Армія заявіла, што расследуе інцыдэнт і ведае пра паведамленні пра ахвяры.

Гэта чарговы падобны напад на мірных жыхароў, якія спрабавалі атрымаць дапамогу. У нядзелю, паводле палестынскіх і міжнародных крыніц, загінуў не менш за 31 чалавек і амаль 200 атрымалі раненні. Ізраільскія вайскоўцы ў той час адмаўлялі, што іх сілы адкрывалі агонь па мірных жыхарах, называючы гэтыя паведамленні «выдумкамі ХАМАС».

Гуманітарная дапамога ў сектары Газа, разбураным шматмесячным наступленнем Ізраіля супраць ХАМАС, дастаўляецца ў драматычных умовах. Міжнародныя арганізацыі раскрытыкавалі новую сістэму размеркавання, якой кіруе Гуманітарны фонд Газы, абвінавачваючы яе ў адсутнасці празрыстасці і невыкананні гуманітарных прынцыпаў.

З пачатку вайны, якая ўспыхнула пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, у выніку якога загінулі 1200 чалавек і больш за 250 былі выкрадзены, паводле звестак мясцовых уладаў, у Газе было забіта больш за 54 тысячы палестынцаў.

ав