Беларуская Служба

Літва пабудуе буйное вайсковае мястэчка на ўзбярэжжы Балтыкі

06.06.2025 19:01
З літоўскага дзяржбюджэту на праект выдзяляецца 520 млн еўра. 
Літоўскія вайскоўцыкрыніца: Lietuvos karo akademija/EIMANTO GENIO NUOTR

Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы аб'явіла аб пачатку падрыхтоўкі да будаўніцтва вайсковага гарадка на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, прызначанага для размяшчэння вайскоўцаў нацыянальнай дывізіі і НАТА.

«У ваенным гарадку Кайрай будуць размешчаныя каля 1 тыс. 500 вайскоўцаў Узброеных сіл Літвы, таму праект унясе значны ўклад ва ўмацаванне абароназдольнасці. Гэты вайсковы гарадок забяспечыць неабходную інфраструктуру для нацыянальнай дывізіі, якая актуальна фарміруецца і якая стане асноўнай манеўранай адзінкай у выпадку вайны», – паведаміла праз сваю прэс-службу міністр абароны Давіле Шакалене.

«Гэтая інфраструктура таксама будзе садзейнічаць інтэграцыі саюзных войскаў НАТА ў Літве», – дадала яна.

З літоўскага дзяржбюджэту на праект выдзяляецца 520 млн еўра. Яго поўная рэалізацыя запланаваная да 2030 года. У Мінабароны будаўніцтва гарадка называюць «адным з найбуйнейшых праектаў вайсковай інфраструктуры ў гісторыі незалежнай Літвы».

Вайсковы гарадок Кайрай зойме плошчу каля 80 гектараў. У комплекс увойдуць жылыя будынкі, адміністрацыйныя абʼекты, спартыўна-рэкрэацыйная інфраструктура, складскія і тэхнічныя будынкі, транспартныя і верталётныя пляцоўкі.

вс