Беларуская Служба

Кіраўнік НАТА хоча ўзмацніць супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону

09.06.2025 16:02
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ заклікаў да павелічэння патэнцыялу супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны на 400 працэнтаў.
Генеральны сакратар НАТА Марк РутэWiktor Dąbkowski/PAP

Гэта мае на мэце падтрымліваць патэнцыял стрымлівання альянсу перад абліччам расійскай пагрозы.

«Мы бачым, як Расія распаўсюджвае тэрор з паветра ва Украіне, таму мы ўмацуем шчыт, які абараняе наша неба», — сказаў Марк Рутэ. Ён таксама нагадаў, што краіны Паўночнаатлантычнага альянсу інтэнсіўна пашыраюць свой абарончы патэнцыял з моманту ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года.

Ён таксама падкрэсліў, што пагроза не знікне, нават калі вайна ва Украіне скончыцца. «Нам патрэбны рывок наперад у нашых калектыўных абарончых магчымасцях. Нам патрэбныя больш сіл і абсталявання, каб цалкам рэалізаваць нашы абарончыя планы. Нашым арміям таксама патрэбныя тысячы дадатковых браніраваных машын і танкаў, мільёны артылерыйскіх снарадаў», — дадаў Марк Рутэ.

Гэтая заява з'яўляецца адказам на заклікі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа павялічыць ваенныя бюджэты краін НАТА. Трамп патрабуе павялічыць выдаткі на абарону да 5 працэнтаў ВУП.

ПР/юл