Міністр аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША Роберт Ф. Кенэдзі абвясціў у панядзелак аб звальненні ўсіх 17 членаў Кансультатыўнага камітэта па вакцынацыі, які працуе ў Цэнтрах па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC), піша Onet.
Кіраўнік міністэрства абвясціў пра сваё рашэнне ў артыкуле, апублікаваным у «Wall Street Journal». Ён растлумачыў свой крок тым, што папярэдняя каманда пастаянна сутыкалася з канфліктам інтарэсаў, і што камітэт даў дабро ўсім вакцынам. Таму, паводле яго слоў, неабходна было яго рэарганізаваць, каб аднавіць давер грамадскасці да вакцынацыі.
«Грамадскасць павінна ведаць, што рэкамендацыі нашых устаноў аховы здароўя заснаваныя на бесстаронняй навуцы. Гэта гарантуе, што амерыканцы атрымаюць максімальна бяспечныя вакцыны», — напісаў міністр, які гадамі выказваў скептыцызм адносна вакцынацыі.
Супрацоўнік Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, які папрасіў не называць яго імя, каментуючы словы міністра, ацаніў у NBC News, што «сцвярджэнне, што яны робяць гэта, каб аднавіць веру ў CDC, — гэта асаблівая форма газлайтынгу».
Эксперт па інфекцыйных захворваннях Амерыканскай акадэміі педыятрыі Шон О'Ліры сказаў, што заява сакратара была «вельмі абразлівай для многіх навукоўцаў, якія прысвячаюць гэтаму працэсу незлічоныя гадзіны».
Onet/ав