Беларуская Служба

Ноччу адбыўся абмен агнём паміж Іранам і Ізраілем

15.06.2025 08:38
Паводле звестак выратавальных службаў, у выніку іранскіх ракетных удараў па тэрыторыі Ізраіля загінула як мінімум 10 чалавек і каля 200 атрымалі раненні.
ІзраільPAP/EPA/ABIR SULTAN

Сярод ахвяр — жанчыны ва ўзросце 69 і 80 гадоў, а таксама 10-гадовы хлопчык. Больш за 100 чалавек атрымалі раненні ў цэнтральнай частцы краіны і 37 у рэгіёне Шфела. Ратавальнікі ўсё яшчэ шукаюць каля 20 зніклых без вестак.

Ізраіль адказаў серыяй авіяўдараў па цэлях на захадзе Ірана. Як пацвердзілі ізраільскія вайскоўцы, за апошнюю гадзіну была нанесена яшчэ адна серыя ўдараў па складах і інфраструктуры для запуску ракет. Раней ізраільскія войскі таксама атакавалі штаб-кватэру Міністэрства абароны Ірана і паліўныя склады. У той жа час ізраільская СПА перахапіла сем беспілотнікаў, запушчаных Іранам у бок Ізраіля.

Хусіты з Емена, якіх падтрымлівае Іран, таксама ўзялі на сябе адказнасць за атакі на Ізраіль. За апошнія 24 гадзіны яны выпусцілі некалькі балістычных ракет па Яфе, большасць з якіх былі перахоплены. Хусіты тлумачаць свае дзеянні салідарнасцю з палесцінцамі ў сектары Газа.

Міжнародная рэакцыя на дзеянні Ізраіля была неадкладнай. Кітай зноў абвінаваціў Ізраіль у парушэнні тэрытарыяльнага суверэнітэту Ірана. Міністр замежных спраў Кітая Ван І ў тэлефоннай размове з міністрам замежных спраў Ірана Саідам Абасам Ааранчы асудзіў ізраільскія атакі, асабліва тыя, што накіраваны супраць высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў. Паводле Пекіна, дзеянні Ізраіля парушаюць Статут ААН.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, у якую ўваходзяць Кітай, Індыя, Пакістан, Расія і Іран, таксама заняла жорсткую пазіцыю. Арганізацыя асудзіла пятнічныя напады Ізраіля і папярэдзіла аб далейшай эскалацыі. Іранскі бок абвясціў, што будзе разглядаць любыя ўдары па ядзерных аб'ектах як сур'ёзнае парушэнне міжнароднага права, якое можа прывесці рэгіён да паўнамаштабнай вайны.

ав