Міністэрства культуры Азербайджана паведаміла пра адмену ўсіх культурных мерапрыемстваў, запланаваных у краіне расійскімі дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі. Пра гэта ведамства паведаміла ў сацыяльнай сетцы Х у нядзелю, 29 чэрвеня.
Рашэнне тычыцца канцэртаў, фестываляў, тэатральных пастановак, выстаў і іншых падзей, якія мусілі адбыцца на тэрыторыі Азербайджана.
Паводле міністэрства, мерапрыемствы скасаваныя «ў сувязі з дэманстратыўнымі, мэтанакіраванымі і пазасудовымі забойствамі і актамі гвалту, здзейсненымі расійскімі праваахоўнымі органамі ў дачыненні да грамадзян Азербайджана ў Екацярынбургу». У паведамленні падкрэсліваецца, што «падобныя інцыдэнты ў апошні час набылі сістэматычны характар».
Неўзабаве пасля заявы Міністэрства культуры стала вядома, што з аналагічных прычын скасаваны і візіт азербайджанскай парламенцкай дэлегацыі ў Расію.
«Парламенцкая дэлегацыя на чале з першым намеснікам старшыні Міллі Меджліса Алі Ахмедавым не будзе ўдзельнічаць у 23-м пасяджэнні камісіі Міллі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі і Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па міжпарламенцкім супрацоўніцтве, якое планавалася правесці ў Маскве», — паведамляецца на афіцыйным сайце парламента Азербайджана.
эж