Эфектная акцыя ў абарону палесцінцаў адбылася ў Парыжы. Уначы ў цэнтры французскай сталіцы можна было ўбачыць вялікі плакат з заклікам спыніць генацыд у сектары Газа. Ён з'явіўся на паветраным шары, пад якім летась падвешвалі алімпійскі факел.
Адказнасць за акцыю ўзяла на сябе праваабарончая арганізацыя «Amnesty International». Яе актывісты праецыравалі словы «Спыніце генацыд у Газе» на 30-метровы паветраны шар. За падзеяй назіралі тысячы людзей, якія сабраліся ў той вечар у садзе Цюільры, каб адзначыць першую гадавіну адкрыцця летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Серабрысты паветраны шар, які нёс алімпійскі агонь у мінулым годзе, зноў зʼявіўся ў парыжскім небе на пачатку лета і будзе вяртацца кожнае лета да пачатку Гульняў у Лос-Анджэлесе.
«Amnesty International» заявіла, што мэтай акцыі было прыцягнуць увагу да вельмі цяжкага становішча мірных жыхароў у сектары Газа.
«Ізраіль працягвае выкарыстоўваць голад як метад вайны, што зʼяўляецца ваенным злачынствам», – гаворыцца ў заяве арганізацыі, якая заклікае прэзідэнта Францыі прыняць меры супраць беспакаранасці Ізраіля.
Эмануэль Макрон ужо некалькі тыдняў заяўляе, што ўзмоцніць ціск на прэмʼер-міністра Ізраіля ў гэтым пытанні, а некалькі дзён таму абвясціў, што Францыя прызнае незалежнасць Палесціны.
IAR/нг