Беларуская Служба

Кітай і Расія пачынаюць сумесныя ваенна-марскія вучэнні ў Японскім моры

03.08.2025 16:02
Манеўры, якія будуць доўжыцца тры дні, накіраваны на «далейшае паглыбленне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства» паміж дзвюма краінамі.
Расійскія дэсантнікі на парадзе ў Маскве PAP/EPA/YURI KOCHETKOV

- Ваенна-марскія сілы Кітая і Расіі ў нядзелю пачалі сумесныя ваенна-марскія вучэнні ў Японскім моры пад кодавай назвай «Марское ўзаемадзеянне 2025». Манеўры, якія будуць доўжыцца тры дні, накіраваны на «далейшае паглыбленне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства» паміж дзвюма краінамі, - паведамляюць улады Пекіна.

У заяве, на якую спасылаецца Міністэрства абароны Кітая, падкрэсліваецца, што вучэнні праходзяць у рэгіёне каля расійскага порта Уладзівасток.

У рамках сёлетніх вучэнняў кітайскія і расійскія караблі будуць удзельнічаць, сярод іншага, у «аперацыях па выратаванні падводных лодак, сумесных аперацыях супраць падводных лодак, супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароне, а таксама марскіх баявых аперацыях».

З кітайскага боку ў вучэннях удзельнічаюць чатыры судны, у тым ліку эсмінцы з кіраванымі ракетамі «Шаасін» і «Урумчы». Пасля вучэнняў дзве краіны правядуць сумесныя ваенна-марскія патруляванні ў «жыццёва важных водах Ціхага акіяна».

Кітай і Расія гадамі арганізоўваюць сумесныя ваенна-марскія вучэнні, у тым ліку з 2012 года пад кодавай назвай «Марское ўзаемадзеянне».

Камуністычны ўрад Кітая ніколі публічна не асуджаў Расію за яе поўнамаштабна ўварванне ва Украіну, а за апошнія тры гады ўмацаваў свае эканамічныя, ваенныя і палітычныя сувязі з краінай.

У 2024 годзе ваенна-марскія сілы абедзвюх краін правялі серыю сумесных ваенна-марскіх і паветраных патруляванняў і вучэнняў у Японскім і Усходне-Кітайскім морах. У мінулым годзе паведамлялася пра шматлікія парушэнні паветранай прасторы Японіі расійскімі і кітайскімі самалётамі, што выклікала рэзкія пратэсты з боку Токіо.

РАР/ав