Беларуская Служба

Дональд Трамп сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным на наступным тыдні на Алясцы

09.08.2025 07:12
Прэзідэнты ЗША і Расіі плануюць абмеркаваць, сярод іншага, спыненне вайны ва Украіне.
   .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фотаEPA/NATHAN HOWARD / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца на Алясцы 15 жніўня.  Гэта будзе першая сустрэча паміж двума лідарамі пасля вяртання Дональда Трампа на пасаду. Раней палітыкі некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне.

Ананімны чыноўнік Белага дома, на якога спасылаецца NBC News, паведаміў, што расіяне прадставілі спіс патрабаванняў аб патэнцыйным спыненні агню ў вайне ва Украіне, і Вашынгтон шукае падтрымкі ва ўкраінцаў і еўрапейскіх саюзнікаў. Учора (8 жніўня) Дональд Трамп выказаў здагадку, што Украіна можа быць вымушана саступіць частку тэрыторыі, каб спыніць больш чым трохгадовую вайну.

«Гэта вельмі складана. Мы нешта вернем, частку абмяняем. Будзе абмен тэрыторыямі, на карысць абодвум бакам», — сказаў Трамп, не ўдакладняючы падрабязнасцей прапановы. CBS News сцвярджае, што Белы дом спрабуе пераканаць еўрапейскіх лідараў прыняць пагадненне, згодна з якім Расія акупуе ўвесь Данбас і захавае Крым, але адмовіцца ад прэтэнзій на Херсонскую і Запарожскую вобласці, якія яна часткова акупуе.
«Расія і ЗША — блізкія суседзі, якія маюць супольную мяжу. Здаецца цалкам лагічным, што наша дэлегацыя проста праляціць над Берынгавым пралівам, і што такая важная і доўгачаканая сустрэча лідараў абедзвюх краін адбудзецца на Алясцы», — сказаў дарадца Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў.

Чыноўнік зазначыў, што бакі абмяркуюць эканамічныя пытанні і шляхі пошуку доўгатэрміновага і мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне. Ён дадаў, што Масква запрасіла Дональда Трампа наведаць Расію пасля саміту на Алясцы.

«Заглядаючы наперад, натуральна, што мы спадзяёмся, што наступная сустрэча прэзідэнтаў адбудзецца на тэрыторыі Расіі. Адпаведнае запрашэнне ўжо накіравана прэзідэнту ЗША», — сказаў Ушакоў.

Падрабязнасці і лагістыка сустрэчы на Алясцы застаюцца незразумелымі. Таксама незразумела, ці далучыцца да двух прэзідэнтаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Зяленскі неаднаразова заяўляў пра сваю гатоўнасць правесці такую сустрэчу, і амерыканцы прапаноўвалі яе расіянам, але Масква не адрэагавала на гэтыя прапановы. Чакаецца, што ў сустрэчы прымуць удзел дзяржаўны сакратар Марка Рубіа, а таксама спецыяльныя пасланнікі Белага дома па расійска-ўкраінскіх перамовах Стыў Віткоф і генерал Кіт Келаг.

Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін апошні раз сустракаліся ў 2019 годзе на саміце G20 у Японіі, падчас першага тэрміну амерыканскага прэзідэнта. Праз два гады тагачасны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Жэневе. Папярэдняя сустрэча Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта ЗША ў ЗША адбылася ў 2015 годзе, калі ён выступіў з Баракам Абамам на Генеральнай Асамблеі ААН.

ПР/юл