Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і расійскі лідар Уладзімір Пуцін сустрэнуцца ў пятніцу на амерыканскай ваеннай базе Эльмендорф-Рычардсан у Анкарыджы, штат Аляска.
Як тлумачыць CNN, арганізатары сустрэчы прыйшлі да высновы, што адзіным горадам у гэтым велізарным штаце з адпаведнай інфраструктурай для правядзення сустрэчы паміж лідарамі ЗША і Расіі з'яўляецца Анкарыдж, дзе размешчана ваенная база Эльмендорф-Рычардсан.
Паводле CNN, выбару месца сустрэчы Трампа і Пуціна папярэднічалі працяглыя закулісныя дыскусіі паміж амерыканскімі чыноўнікамі і ўладамі ў Маскве. Варыянтаў было мала, асабліва ў святле ордэра на арышт Пуціна, выдадзенага ў 2023 годзе Міжнародным крымінальным судом за ваенныя злачынствы.
Авіябаза Эльмендорф-Рычардсан, размешчаная на паўночнай ускрайку Анкарыджа, адпавядае строгім патрабаванням бяспекі, неабходным для правядзення гэтага гістарычнага саміту. Аляска аказалася кампрамісным рашэннем, дазволіўшы правесці сустрэчу з захаваннем адпаведных мер бяспекі, падкрэслівае CNN.
Белы дом абвясціў у аўторак, што прэзідэнт Трамп правядзе прынамсі частку сустрэчы ў прыватных размовах з Пуціным, без удзелу трэціх асоб, акрамя перакладчыкаў, каб забяспечыць поўную дыскрэтнасць.
РАР/ав