Беларуская Служба

У Расіі пенсіянера асудзілі за тое, што назваў Сталіна «забойцам, які абвясціў вайну мірнай Польшчы»

19.08.2025 14:43
У Екацярынбургу 75‑гадовага пенсіянера прысудзілі да 1 года і 2 месяцаў умоўна за каментары з крытыкай Сталіна ў «Аднакласніках»
  ()
Мікалай Даўгушын (справа)SOTAvision

Суддзя Свярдлоўскага абласнога суда Аляксандр Ладзін асудзіў 75-гадовага жыхара пасёлка Цэментны Мікалая Даўгушына да 1 года і 2 месяцаў умоўна па артыкуле аб рэабілітацыі нацызму ў інтэрнэце за два каментары, паведамляе «Медыязона».

Таксама мужчыну забаранілі 1,5 гады карыстацца інтэрнэтам, абавязалі ўстаць на ўлік у псіхіятра і прайсці курс амбулаторнага лячэння. Па словах суддзі, экспертыза ўказала на неабходнасць прайсці такое лячэнне.

Пракурор запытваў яму 1,5 года калоніі-пасялення.

Даўгушыну паставілі ў віну каментары «Другую сусветную вайну пачаў дыктатар і забойца Сталін», напісаны ў верасні 2023 года, і «Хлусіш, руская свіння, мірнай Польшчы абвясціў вайну забойца і дыктатар Сталін», напісаны ў лютым 2024 года. Да іх пенсіянер прыклаў відэа з хронікай пачатку Другой сусветнай вайны і акупацыі Польшчы.

Даўгушын віну не прызнаў. Ён сказаў, што не пісаў гэтыя каментары, а яго старонку ў «Аднакласніках» маглі ўзламаць.

Раней, 2 мая 2025 года, Няўянскі гарадскі суд Свярдлоўскай вобласці аштрафаваў Даўгушына на 30 тысяч рублёў па артыкуле аб «дыскрэдытацыі арміі» за некалькі публікацый у «Аднакласніках», іх змест не вядомы. Сам Даўгушын тады таксама сцвярджаў, што ягоны ўліковы запіс, верагодна, узламалі. Паводле яго слоў, старонку ў «Аднакласніках» ён выкарыстоўвае толькі для пошуку сяброў і выпісвае адтуль парады народнай медыцыны.

вх