КНР і Арменія дамовіліся аб усталяванні стратэгічнага партнёрства. Пагадненне было дасягнута 31 жніўня 2025 года падчас сустрэчы кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна і прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Цяньцзіні.
У сумеснай дэкларацыі падкрэсліваецца, што Тайвань з’яўляецца неад’емнай часткай Кітая. Ерэван афіцыйна пацвердзіў падтрымку прынцыпу «адзінага Кітая» і выступіў супраць любых спроб абвясціць незалежнасць Тайваня.
Нікол Пашынян адзначыў важнасць развіцця двухбаковых сувязяў у сферы навукі, адукацыі, культуры, турызму і інфармацыйных тэхналогій. Ён таксама пацвердзіў імкненне Арменіі далучыцца да ШАС, а бакі дамовіліся пра паглыбленне супрацоўніцтва ў гэтым фармаце.
Сі Цзіньпін, са свайго боку, заявіў, што Пекін падтрымлівае палітычную незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі, а таксама ініцыятыву «Перакрыжаванне міру» і разблакіроўку рэгіянальных шляхоў зносін.
Старшыня КНР адзначыў, што Пекін гатовы садзейнічаць уступленню як Арменіі, так і Азербайджана ў ШАС. На палях саміту камуністычны лідар таксама правёў асобныя перамовы з Ільхамам Аліевым, падкрэсліўшы неабходнасць сумеснай працы дзеля «глабальнага Поўдня» і стварэння супольнасці адзінага лёсу.
dw/эж