Ізраільскае войска 6 верасня абвясціла аб стварэнні новай гуманітарнай зоны на поўдні Сектара Газа. Прэс-сакратар арміі Ізраіля заклікаў жыхароў эвакуявацца ў гэты раён.
«Гуманітарная інфраструктура ўключае палявыя шпіталі, водаправодныя сістэмы і ўстаноўкі для апраснення вады, рэгулярныя пастаўкі харчавання, а таксама медыкаменты і медыцынскае абсталяванне», – гаворыцца ў паведамленні ізраільскай арміі.
Аперацыя Ізраіля пагражае перамяшчэннем сотняў тысяч мірных жыхароў, якія ратуюцца ад баявых дзеянняў. Да пачатку вайны ў горадзе Газа пражывала больш за мільён чалавек – амаль палова ўсяго насельніцтва сектара.
4 верасня ізраільскае войска заявіла, што кантралюе каля 75% усёй тэрыторыі Сектара Газа, а таксама прыкладна палову горада Газа. Многія яго жыхары былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў пачатку вайны, але потым вярнуліся. Некаторыя з іх заяўляюць, што адмаўляюцца перасяляцца зноў.
Армія Ізраіля на працягу некалькіх тыдняў праводзіць інтэнсіўныя атакі на горад.
На працягу апошніх тыдняў ізраільскія сілы вядуць баявыя дзеянні на паўночных ускраінах Газы пасля таго, як прэм'ер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху распарадзіўся заняць гэтыя тэрыторыі. На яго думку, Газа зʼяўляецца апорай ХАМАСу, і яе захоп неабходны.
Паранены палестынец у выніку ізраільскага абстрэлу ў бальніцы. Крыніца: PAP/EPA/ALAA BADARNEH
Тым часам праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку ізраільскія, заяўляюць пра генацыд мірнага палестынскага насельніцтва. Паводле неафіцыйных падлікаў, у Сектары Газа загінулі ад 45 тыс. да 70 тыс. мірных жыхароў, у тым ліку 15 тыс. дзяцей.
вс