Беларуская Служба

Ва Украіне прайшлі пахаванні палякаў, загінулых падчас антыпольскіх акцый УПА

06.09.2025 17:43
Гэта першае за многія гады мемарыяльнае мерапрыемства тэрыторыі Украіны, паколькі працяглы час украінскія ўлады не давалі дазволу на пошукавыя працы.
Набажэнства ў памяць аб ахвярах злачынства Крыніца: x.com/fundacja_WiD

6 верасня на месцы, дзе некалі была вёска Пужнікі Тэрнопальскай вобласці Украіны, прайшлі пахаванні 42 палякаў, забітых падчас антыпольскіх акцый Украінскай паўстанцкай арміі. Адбылася жалобная служба ў памяць аб іх.

Гэта першае за многія гады мемарыяльнае мерапрыемства ў памяць аб польскіх ахвярах на тэрыторыі Украіны, паколькі працяглы час украінскія ўлады не давалі дазволу на пошукавыя працы. У цырымоніі пахавання прынялі ўдзел сем'і ахвяр, а таксама прадстаўнікі ўлад Польшчы і Украіны.

З Польшчы прыехалі, у прыватнасці, міністр культуры Марта Цянкоўска, а таксама старшыня Сенату Малгажата Кідава-Блоньска. З боку Украіны прысутнічала в.а. міністра культуры Таццяна Беражная. На мемарыяльным мерапрыемстве былі таксама сваякі ахвяр злачынства, прадстаўнікі Вярхоўнай рады Украіны і Канцылярыі прэзідэнта Польшчы. 

Намеснік старшыні Фонду «Свабода і дэмакратыя» Мацей Данцэвіч сказаў Польскаму радыё, што мерапрыемства ў Пужніках – вельмі важнае для нашчадкаў ахвяр злачынства УПА.

- Для тых, хто выжыў, у каго там былі сваякі, – я размаўляў з гэтымі людзьмі, – у каго там загінулі браты і сёстры, там нават ляжыць дзіця, якому было некалькіх месяцаў... Я ведаю сваякоў, я ведаю брата гэтых дзяцей. Для іх гэта была цяжкая тэма. Яны не да канца верылі, што пытанне будзе належным чынам вырашанае. І, даводзячы гэтую справу да завяршэння, мы выконваем сімвалічны запавет тых, хто не дажыў да сённяшняга дня.

Фонд «Свабода і дэмакратыя» быў каардынатарам эксгумацыйных прац на месцы было вёскі Пужнікі.

Парэшткі загінулых пахавалі ў асобных трунах. Ідэнтыфікацыйныя работы на аснове аналізу ДНК дазволяць ужо сёлета ўстанавіць імёны вялікай часткі ахвяр.

Таксама вядуцца намаганні па атрыманні ад украінскіх уладаў дазволу на далейшыя пошукі палякаў, якія загінулі ад рук украінскіх нацыяналістаў. У прыватнасці, размова ідзе аб пошуках яшчэ адной масавай магілы ў Пужніках.

вс