Беларуская Служба

НАТА запускае місію «Усходні вартавы» для ўмацавання сваіх сіл на ўсходнім флангу

13.09.2025 08:36
НАТА запускае місію «Усходні вартавы», каб умацаваць наш усходні фланг, – заявіў у пятніцу генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
 .
Ілюстрацыйнае фота.EPA/SIESE VEENSTRA/PAP

Гэта будзе новы, больш інтэграваны падыход да абароны гэтай часткі тэрыторыі альянсу.

Рашэнне НАТА стала вынікам падзей, што адбыліся на гэтым тыдні ў Польшчы, а менавіта ўварвання расійскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы. Рашэнне таксама прынята пасля сустрэчы Паўночнаатлантычнай рады 10 верасня, падчас якой саюзнікі абмеркавалі сітуацыю ў святле запыту Польшчы на кансультацыі ў адпаведнасці з артыкулам 4 Вашынгтонскага дагавора.

– Безразважныя дзеянні Расіі ў паветры ўздоўж нашага ўсходняга фланга становяцца ўсё часцейшымі. Мы бачылі дроны, якія парушалі нашу паветраную прастору ў Румыніі, Эстоніі, Латвіі і Літве. Незалежна ад таго, было гэта наўмысна ці не, гэта небяспечна і недапушчальна, – сказаў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.

Рутэ нагадаў, што галоўная задача НАТА – стрымліваць і абараняць кожнага члена альянсу ад любых пагроз, з якімі мы сутыкаемся.

– Абарона нашага ўсходняга фланга мае велізарнае значэнне. (...) І ў нас ёсць планы па павелічэнні нашай прысутнасці, – падкрэсліў кіраўнік НАТА.

Гэты план – запуск «Усходняга вартавога» (Eastern Sentry), гэта значыць шэрагу дзеянняў, дзякуючы якім усходні фланг павінен быць лепш абаронены.

Рутэ абвясціў, што для гэтага будуць выкарыстаны сілы саюзнікаў, у тым ліку Даніі, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі і іншых.

Краіны-члены альянсу ўжо пачалі аб'яўляць аб разгортванні сіл і сродкаў для «Усходняга вартавога». Данія прадаставіць два знішчальнікі F-16 і фрэгат супрацьпаветранай абароны, Францыя – тры знішчальнікі Rafale, а Германія – чатыры Eurofighter. Вялікабрытанія таксама выказала гатоўнасць аказаць падтрымку. Гэтыя і іншыя сілы ўмацуюць тыя, што ўжо прысутнічаюць на ўсходнім флангу.

Камандаванне саюзніцкіх аперацый (ACO), адказнае за планаванне і рэалізацыю ўсіх аперацый НАТА, таксама будзе адказваць за місію «Усходні вартавы». ACO будзе цесна супрацоўнічаць з Камандаваннем па трансфармацыі саюзніцкіх сіл НАТА (Allied Command Transformation), каб хутка тэставаць і ўкараняць новыя тэхналогіі па ўсім альянсе, такія як датчыкі для барацьбы з дронамі і зброя для выяўлення, сачэння і знішчэння дронаў.

Прысутны на канферэнцыі ў Бруселі камандуючы сіламі НАТА ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч заявіў, што «Усходні вартавы» інтэгруе паветраную і наземную абарону і павялічыць абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі.

– Хоць мы сканцэнтраваны ў першую чаргу на Польшчы, гэтая сітуацыя выходзіць за межы адной дзяржавы, – сказаў ён. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «Усходні вартавы» будзе абараняць увесь усходні фланг НАТА. – Гэта праблема, якая тычыцца ўсяго альянсу, і мы будзем ставіцца да яе такім чынам, – сказаў Грынкевіч.

Як адзначыў Грынкевіч, «Усходні вартавы» забяспечыць яшчэ больш сканцэнтраванае стрымліванне і абарону менавіта тады і там, дзе гэта будзе неабходна. Ён таксама паведаміў, што альянс і яго члены будуць хутка тэставаць і ўкараняць новыя тэхналогіі, такія як датчыкі і зброя для барацьбы з дронамі.

Генеральны сакратар Рутэ таксама паведаміў у пятніцу, што ўсё яшчэ працягваецца ацэнка, ці было ўварванне расійскіх дронаў у Польшчу ў ноч з аўторка на сераду наўмысным ці не.

– З кожным днём мы атрымліваем усё больш інфармацыі, – сказаў ён. – Як толькі ў нас будуць поўныя высновы, і мы зможам падзяліцца імі з іншымі, мы гэта зробім, але нават у гэтым я не ўпэўнены, таму што ўсё, вядома, залежыць ад таго, што мы выявім, – дадаў ён.

На думку Рутэ, пытанне, хто за гэтым стаіць, зʼяўляецца істотным, але ў той жа час не мае такога вялікага значэння, таму што незалежна ад таго, было гэта наўмысна ці не, гэта было бяздумна.

– Нават калі (дроны – рэд.) не мелі на мэце ўляцець у Польшчу – калі, вядома, не мелі, бо калі такі быў намер, гэта яшчэ больш сурʼёзная справа – у абодвух гэтых выпадках гэта бяздумна, недапушчальна. Рускія рызыкуюць, – заявіў генеральны сакратар НАТА.

У ноч з аўторка на сераду, падчас атакі Расійскай Федэрацыі на Украіну, паветраная прастора Польшчы была шматразова парушана дронамі. Былі запушчаны працэдуры абароны. Польскія і саюзніцкія радыёлакацыйныя сістэмы адсачылі некалькі дзясяткаў абʼектаў; у выпадку тых, якія маглі ўяўляць пагрозу, было прынята рашэнне аб іх збіцці.

PAP/вх