Беларуская Служба

У ААН прызналі дзеянні Ізраіля ў Газе генацыдам

16.09.2025 13:38
У дакуменце асаблівая ўвага нададзеная разбурэнню школ і бальніц, блакаванню гуманітарнай дапамогі і прадметаў першай неабходнасці.
Ізраільскія танкі на прадмесцях ГазыPAP/EPA/ATEF SAFADI

Ізраільскія вайскоўцы забівалі палестынцаў, наносілі ім цяжкія калецтвы, стваралі ўмовы жыцця, якія пагражаюць іх існаванню, а таксама прымалі меры, якія абмяжоўваюць нараджальнасць. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе камісіі ААН.

Камісія прыйшла да высновы: заявы ізраільскіх лідараў, уключаючы прэзідэнта Іцхака Герцага і прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху, можна разглядаць як падбухторванне да генацыду.

У дакуменце асаблівая ўвага нададзеная разбурэнню школ і бальніц, блакаванню гуманітарнай дапамогі і прадметаў першай неабходнасці.

Міністэрства замежных спраў Ізраіля, у сваю чаргу, заклікала распусціць камісію ААН па расследаванні.

У ведамстве таксама заявілі, што прадстаўлены камісіяй даклад аб генацыдзе ў сектары Газа «цалкам заснаваны на хлусні ХАМАСу, адмытай і паўторанай іншымі».

Ізраільскае войска ў панядзелак, 15 верасня, пачало наземную аперацыю з мэтай узяцця пад поўны кантроль горада Газа. Ва ўрадзе Нетаньяху заявілі, што аперацыя накіраваная на знішчэнне ХАМАСу.

вс