Вучэнні «Арктычнае святло 2025» – найбуйнейшыя ваенныя вучэнні ў Грэнландыі за апошнія гады, і яны праводзяцца без удзелу Амерыкі.
У цэнтры аперацый знаходзіцца Данія, якая адказвае за абарону Грэнландыі. Для вучэнняў Капенгаген разгарнуў фрэгат HDMS Niels Juel, два верталёты EH-101, два знішчальнікі F-16 і падраздзяленне спецназа.
Вучэнні падтрымлівае Францыя: яна накіравала ваенна-марскі карабель FS Garonne, шматмэтавы самалёт-запраўшчык і горна-пяхотнае падраздзяленне, абсталяванае разведвальнымі беспілотнікамі. Германія ўдзельнічае ў вучэннях праз персанал і назіральнікаў, а Нарвегія і Швецыя накіравалі войскі тэрытарыяльнай абароны. Адсутнасць амерыканскіх войскаў на вучэннях «Арктычнае святло 2025» можа выклікаць здзіўленне, бо амерыканцы рэгулярна ўдзельнічалі ў падобных вучэннях і раней. Нягледзячы на тое, што міністр абароны Піт Хегсет быў запрошаны, ніводнае амерыканскае падраздзяленне не ўдзельнічае ў манеўрах.
Эксперты сцвярджаюць, што адсутнасць амерыканскіх войскаў у Грэнландыі – гэта відавочны палітычны сігнал. Данія хоча прадэманстраваць сваю здольнасць клапаціцца пра Грэнландыю пры падтрымцы еўрапейскіх саюзнікаў, без дамінуючай ролі Вашынгтона.
Міністр абароны Даніі Троэльс Лунд Поўльсен падкрэслівае, што цяперашняя сітуацыя з бяспекай патрабуе больш моцнай ваеннай прысутнасці ў Арктыцы. Урад у Капенгагене павялічвае свае інвестыцыі ў абарону вострава, адказваючы на ранейшую крытыку прэзідэнта Дональда Трампа, які абвінаваціў Данію ў нядбайнасці і прапанаваў, каб Грэнландыя належала ЗША.
«Пры нармальных абставінах супрацоўніцтва з амерыканскімі вайскоўцамі было б натуральным», – падкрэслівае Ён Рахбек-Клеменсан з Дацкага ўніверсітэта абароны.
Грэнландыя стала цэнтрам увагі нездарма. Востраў мае велізарнае стратэгічнае значэнне як з пункту гледжання бяспекі, так і сыравіны. Эксперты Польскага інстытута міжнародных спраў адзначаюць, што пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Грэнландыі ўзмацняе эфектыўнасць амерыканскіх абаронных сістэм. Таксама на востраве знаходзяцца значныя радовішчы каштоўных металаў і рэдказямельных элементаў, што робіць яго прывабнай мішэнню не толькі для вайскоўцаў, але і для сусветнай эканомікі.
forsal.pl/вх