Такім чынам Трамп адказаў на пытанне аб тым, колькі часу ён дае ХАМАС, каб прыняць мірнае пагадненне з 20 пунктаў, якое ён прадставіў у панядзелак.
«Тры-чатыры дні, паглядзім, як пойдзе. Усе арабскія краіны падпісалі. Усе мусульманскія краіны падпісалі. Увесь Ізраіль падпісаў. Мы проста чакаем ХАМАС, і ХАМАС альбо зробіць гэта, альбо не, і калі яны гэтага не зробяць, гэта будзе вельмі сумны канец для іх», – сказаў Трамп падчас размовы з журналістамі.
Ён дадаў, што для перамоваў мала месца, і яго чаканні ад ХАМАС – вызваленне закладнікаў і «добрыя паводзіны». Ён абвясціў, што ў адваротным выпадку «дазволіць Ізраілю зрабіць тое, што трэба».
«Яны могуць зрабіць гэта даволі лёгка. Я б дазволіў бы ім зрабіць тое, што трэба. Ведаеце, мы ўжо забілі каля 25 000 членаў ХАМАС. Так што яны, безумоўна, заплацілі высокую цану за 7 кастрычніка. А цяпер гэта зусім новая група (...) Мы спадзяемся, што ў іх будзе добрае, мірнае жыццё. Магчыма, гэтага не адбудзецца, але калі гэта адбудзецца, гэта будзе адна з найвялікшых падзей у гісторыі», – сказаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША заявіў, што яго план можа прывесці да міру на ўсім Блізкім Усходзе.
Трамп прадставіў план з 20-ці пунктаў падчас панядзелкавага візіту ў Белы дом прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху. Пагадненне прадугледжвае канчатковае спыненне баявых дзеянняў, вызваленне ізраільскіх закладнікаў у абмен на палестынскіх зняволеных і затрыманых, павелічэнне плыні гуманітарнай дапамогі і аднаўленне палестынскай тэрыторыі.
ХАМАС мусіць адмовіцца ад улады і зброі, а Сектар Газа будзе кіравацца часовай палестынскай адміністрацыяй. Там таксама будуць размешчаны міжнародныя стабілізацыйныя сілы. Міжнародная рада міру на чале з Трампам у рэшце рэшт возьме пад свой кантроль сектар Газа. Ізраільскія войскі будуць паступова выводзіцца з сектара Газа па меры таго, як стабілізацыйныя сілы возьмуць на сябе кантроль, а тэрыторыя будзе дэмілітарызавана.
ХАМАС атрымаў тэкст амерыканскай прапановы, паабяцаў разгледзець яе «добрасумленна» і даць адказ. У аўторак агенцтва AFP са спасылкай на палестынскую крыніцу паведаміла, што ХАМАСу можа спатрэбіцца «некалькі дзён», каб падрыхтаваць адказ.
PAP/вх