Беларуская Служба

Данія заяўляе пра сістэматычныя ваенныя правакацыі расійскага флоту ў сваіх пралівах

04.10.2025 10:37
Дацкая ваенная разведка абвінаваціла расійскія ваенныя караблі ў паўторных агрэсіўных дзеяннях у дацкіх пралівах, якія злучаюць Балтыйскае і Паўночнае мора.
 .  .
Расійскі карабель. Ілюстрацыйнае фота.facebook.com/mod.mil.rus

Правакацыі ўключалі навядзенне зброі на дацкія караблі і верталёты, небяспечныя манеўры на мяжы сутыкнення і глушэнне навігацыйных сістэм.

Дырэктар дацкай ваеннай разведкі Томас Арэнкіель (Thomas Ahrenkiel) на спецыяльнай прэс-канферэнцыі распавёў канкрэтныя падрабязнасці агрэсіўных паводзін расійскіх вайскоўцаў.

«Мы сталі сведкамі некалькіх інцыдэнтаў у дацкіх пралівах, калі верталёты і ваенныя караблі ВПС Даніі былі цэлямі радыёлакацыйных сістэм назірання і фізічна былі цэлямі для зброі з расійскіх ваенных караблёў», – сказаў ён.

Паводле яго слоў, расійскія караблі таксама наўмысна ўзялі курс на сутыкненне з дацкімі суднамі падчас праходу праз пралівы.

Арэнкэль заявіў, што адзін з расійскіх ваенных караблёў стаіць на якары ў дацкіх водах больш за тыдзень. Разведка разглядае гэта як сігнал з Масквы аб прымяненні сілы, калі Данія паспрабуе абмежаваць рух расійскага «ценявога флоту» – танкераў, якія выкарыстоўваюцца для абыходу заходніх санкцый на экспарт нафты.

Акрамя таго, разведка зафіксавала праходжанне расійскіх караблёў праз пралівы з актыўным гідралакатарам і абсталяваннем для стварэння радыёэлектронных глушэнняў. Арэнкэль сказаў, што «вельмі верагодна», што прынамсі ў адным выпадку яны сталі прычынай значных збояў у працы GPS на тэрыторыі Даніі.

«Расія выкарыстоўвае ваенныя сродкі, у тым ліку агрэсіўныя, каб аказаць на нас ціск, не перасякаючы лінію ўзброенага канфлікту ў традыцыйным сэнсе», – падсумаваў Арэнкэль, назваўшы гэтыя дзеянні часткай гібрыднай вайны супраць Даніі і Захаду.

У пятніцу Белы дом заявіў, што «вельмі сур'ёзна» ставіцца да інфармацыі аб правакацыях расійскага флоту супраць Даніі.

«Адміністрацыя пастаянна сочыць за сітуацыяй. Рада нацыянальнай бяспекі Белага дома пастаянна кантактуе з нашымі саюзнікамі па НАТА, і прэзідэнт падтрымлівае сувязь з многімі з іх», – заявіла журналістам прэс-сакратар Белага дома Каралін Левіт.

Напярэдадні газета The Telegraph апублікавала вынікі аналізу маршруту танкера «Баракай», які належыць расійскаму «ценявому флоту». Яго рух праз Балтыйскае мора падазрона супадае з датамі зʼяўлення невядомых беспілотнікаў над стратэгічнымі абʼектамі ў Даніі і Германіі.

Reuters/вх