Вызваленне ізраільскіх закладнікаў дае імпульс, які неабходна выкарыстаць для спынення вайны паміж палестынскімі баевікамі і Ізраілем, лічыць Генсакратар ААН.
«Я заклікаю ўсе бакі скарыстацца гэтым імпульсам і выканаць свае абавязацельствы ў рамках перамірʼя, каб пакласці канец кашмару ў Сектары Газа», – напісаў Антоніу Гутэрыш на платформе X.
Выступаючы перад ізраільскім Кнэсетам, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў надзею на трывалы мір на Блізкім Усходзе.
«Гэта не проста канец вайны, гэта канец эпохі тэрору і смерці(…) Гэта гістарычны пачатак новага Блізкага Усходу», – заявіў Дональд Трамп.
У сваю чаргу, прэмʼер Ізраіля Біньямін Нетаньяху назваў прэзідэнта ЗША «найлепшым сябарам Ізраіля, які калі-небудзь ачольваў Белы дом».
Нагадваем, у панядзелак ізраільскія вайскоўцы пацвердзілі, што ХАМАС перадаў Чырвонаму Крыжу апошніх 20 ацалелых закладнікаў, выкрадзеных палестынскай арганізацыяй 7 кастрычніка 2023 года.
Вызваленне ізраільскіх закладнікаў зʼяўляецца часткай першага этапу спынення агню ў Сектары Газа, якое дзейнічае з пятніцы.
Чакаецца таксама, што ХАМАС перадасць Ізраілю целы тых закладнікаў, якія загінулі ў палоне. Узамен Ізраіль вызваліць амаль 2 000 палестынскіх вязняў.
IAR/аз