Беларуская Служба

Расія стварае сетку «аднаразовых» шпіёнаў у Еўропе – украінская разведка

18.10.2025 17:53
Расійскія вярбоўшчыкі шукаюць выканаўцаў праз сацыяльныя сеткі, інтэрнэт-платформы, рэлігійныя супольнасці, спартыўныя клубы і публічныя мерапрыемствы.
ІлюстрацыяStokkete/Shuttestock

Пасля масавай высылкі расійскіх разведчыкаў з еўрапейскіх краін Масква змяніла тактыку і цяпер актыўна вярбуе аднаразовых агентаў сярод цывільных асоб, паведамляе Служба знешняй разведкі Украіны.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія спецслужбы страцілі каля 700 агентаў, якія працавалі пад дыпламатычным прыкрыццём. Больш за ўсё – у Балгарыі (82 чалавекі), Германіі (65), Польшчы (58), Румыніі (52), Славакіі (39), Нідэрландах і Славеніі (па 34).

Пасля краху старой агентурнай сеткі Расійская Федэрацыя робіць стаўку на вярбоўку цывільных асоб – людзей без вопыту працы ў разведцы, якія займаюцца аднаразовымі аперацыямі: зборам інфармацыі або выкананнем дробных заданняў.

Такія выпадкі зафіксаваныя па ўсёй Еўропе. У Польшчы ўжо 47 чалавек абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з расійскай разведкай, у Эстоніі – 20, Латвіі – 19, Германіі – 12, Вялікабрытаніі – 10. Усяго – 130 падазраваных у 12 краінах.

Расійскія вярбоўшчыкі шукаюць выканаўцаў праз сацыяльныя сеткі, інтэрнэт-платформы, рэлігійныя супольнасці, спартыўныя клубы і публічныя мерапрыемствы. Большасць завербаваных нават не ўсведамляюць, што працуюць на расійскія спецслужбы, паведамляюць украінскія разведчыкі.

Такія аднаразовыя агенты з'яўляюцца часткай гібрыднай стратэгіі Крамля, накіраванай на дэстабілізацыю еўрапейскіх дзяржаў і стварэнне пачуцця ўнутранай пагрозы, падкрэслівае ўкраінская знешняя разведка.

вс