У рэзалюцыі, прынятай у сераду, Еўрапейскі парламент рашуча асуджае рэпрэсіі ў Беларусі і выказвае салідарнасць з праціўнікамі рэжыму Лукашэнкі. Дэпутаты Еўрапарламента патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і заклікаюць да кампенсацыі і аднаўлення іх правоў. Яны таксама асуджаюць злоўжыванне ўладамі судовай сістэмай і праваахоўнымі органамі для парушэння правоў чалавека.
Парламент не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі, а дэпутаты парламента пацвярджаюць сваю падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі на чале са Святланай Ціханоўскай.
Дэпутаты Еўрапарламента хочуць, каб ЕС і міжнародныя арганізацыі фармалізавалі прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі на міжнародных форумах, такіх як Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, АБСЕ і НАТА.
Дэпутаты заклікаюць да новых, свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем, падкрэсліваючы, што ніякае галасаванне, праведзенае ва ўмовах рэпрэсій, не можа адпавядаць дэмакратычным стандартам. Яны таксама папярэджваюць аб выкарыстанні Лукашэнкам палітычных зняволеных у якасці інструмента ў перамовах з Захадам, адзначаючы, што кожная хваля вызваленняў суправаджаецца далейшымі затрыманнямі.
Еўрапарламент таксама заклікае да дбайных расследаванняў і ліквідацыі беларускіх і расійскіх шпіёнскіх сетак у ЕС і краінах-кандыдатах, а таксама падкрэслівае неабходнасць увядзення абмежаванняў на расійскіх і беларускіх дыпламатаў у Шэнгенскай зоне.
Рэзалюцыя была прынята 458 галасамі «за», 18 дэпутатаў былі «супраць», 84 – «устрымаліся».
вх