Беларуская Служба

Прадстаўнік Польскага цэнтра дапамогі: Гуманітарная сітуацыя ў Сектары Газа жахлівая

24.10.2025 12:12
Рэжым перамір'я ў Сектары Газы захоўваецца, аднак будучыня няпэўная.
Аўдыё
  • Рэжым перамір'я ў Сектары Газы захоўваецца, аднак будучыня няпэўная.
, 23  2025 .
Газа, 23 кастрычніка 2025 года.EPA/MOHAMMED SABER/PAP

Пагадненне аб спыненні агню ў Газе захоўваецца, хаця ўсё яшчэ паведамляецца пра спарадычныя абстрэлы. Супрацьстаянне працягваецца на палітычнай арэне. Віцэ-прэзідэнт ЗША Дж. Д. Вэнс наведаў Ізраіль, мусульманскія дзяржавы раскрытыкавалі рэзалюцыю Кнэсета, а Міжнародны суд патрабуе дазволу на ўвоз гуманітарнай дапамогі ў Зону Газы.

Цяпер ЗША сочаць за выкананнем рэжыму спынення агню, каб не дапусціць правалу плана Дональда Трампа. Віцэ-прэзідэнт ЗША Дж. Д. Вэнс правёў серыю сустрэч з ізраільскімі палітычнымі і ваеннымі элітамі. Візіт быў у асноўным накіраваны на тое, каб запэўніць амерыканцаў у тым, што пагадненне будзе працягвацца.

– Я хачу сказаць, што ў амерыканскіх і заходніх СМІ існуе дзіўнае стаўленне, амаль жаданне правалу. Кожны раз, калі адбываецца нешта дрэннае, нейкі акт гвалту, адразу зʼяўляюцца паведамленні, што гэта канец спынення агню і мірнага плана. Гэта не канец. Але так гэта выглядае, калі ў вас ёсць супольнасці, якія ненавідзяць адна адну, якія змагаюцца адна з адной столькі гадоў. У нас усё добра. Мы знаходзімся ў добрай сітуацыі, яшчэ трэба над гэтым працаваць, але я думаю, што ў нас ёсць каманда, здольная на гэта, – запэўніў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Другім элементам былі далейшыя перамовы аб дэталях рэалізацыі плана. Нетаньяху падкрэсліў, што не пагодзіцца з прысутнасцю турэцкіх войскаў у сектары Газа і на Заходнім беразе ракі Іярдан, і што поўны вывад Цахала можа адбыцца толькі пасля раззбраення ХАМАС. На пытанне пра дату раззбраення Вэнс сказаў, што сітуацыя пакуль неакрэсленая. Аднак гучалі пагрозы, што калі ХАМАС адмовіцца раззброіцца, яму пагражае знішчэнне.

Яшчэ адно спрэчнае пытанне – меркаваны ўдзел ХАМАС у фарміраванні новага ўрада ў Газе. Чакаецца, што групоўка будзе супрацоўнічаць з іншымі арабскімі дзяржавамі ў гэтым плане, імкнучыся прывесці сваіх прыхільнікаў да ўлады і такім чынам ускосна захаваць кантроль над рэгіёнам.

Дзеці забітага ізраільскага закладніка Ронена Энгеля, Юваль і Том, аплакваюць свайго бацьку  падчас пахавання ў кібуцы Нір-Оз, недалёка ад мяжы з Газай, на поўдні Ізраіля, 21 кастрычніка 2025 года. Дзеці забітага ізраільскага закладніка Ронена Энгеля, Юваль і Том, аплакваюць свайго бацьку падчас пахавання ў кібуцы Нір-Оз, недалёка ад мяжы з Газай, на поўдні Ізраіля, 21 кастрычніка 2025 года. EPA/ATEF SAFADI/PAP

Гуманітарнае пытанне

З-за невыканання ХАМАС свайго абяцання вярнуць целы Ізраіль працягвае абмяжоўваць гуманітарны доступ да Сектара Газа. Міжнародны суд ААН у Гаазе пастанавіў, што Ізраіль абавязаны падтрымліваць намаганні па аказанні дапамогі ў Сектары Газа, якія праводзяцца ААН і яе арганізацыямі, у тым ліку Блізкаўсходнім агенцтвам Арганізацыі Абʼяднаных Нацый для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі работ (БАПОР – UNRWA). Адзінаццаць членаў суда пастанавілі, што Ізраіль не змог належным чынам абгрунтаваць свае сцвярджэнні аб тым, што значная частка персаналу БАПОР зʼяўляецца членамі ХАМАС.

Аднак міністр замежных спраў Ізраіля Гідэон Саар абвясціў, што яго краіна не будзе супрацоўнічаць з агенцтвам ААН па аказанні дапамогі БАПОР (UNRWA).

Міжнародны суд ААН таксама пастанавіў, што Ізраіль не можа выкарыстоўваць голад у сектары Газа як метад вайны. Аднак рашэнне суда ў гэтай справе зʼяўляецца кансультатыўным заключэннем і не мае абавязковай сілы.

Палестынцы атрымліваюць ежу з дабрачыннай кухні ў горадзе Газа, 23 кастрычніка 2025 года.  Палестынцы атрымліваюць ежу з дабрачыннай кухні ў горадзе Газа, 23 кастрычніка 2025 года. EPA/MOHAMMED SABERPAP 

– На жаль, цяпер Сектар Газа ці не на сто працэнтаў залежны ад гуманітарнай дапамогі. Патрэбна каля 600 грузавікоў у дзень. І пакуль што, паводле паведамленняў як СМІ, так і арганізацый, гэтыя 600 грузавікоў так і не заехалі ў Сектар Газа. На жаль гэты працэс увесь час сутыкаецца з цяжкасцямі. Роўна як з палітычнага боку, так і лагістычнага, бо вялікая частка Газы адрэзаная, трэба ачысціць дарогі, то бок ёсць вялікія лагістычныя перашкоды, – распавёў Ян Высоцкі з Польскага цэнтра дапамогі ў інтэрвʼю Польскаму радыё.

Таксама Ян Высоцкі падкрэсліў, што тэрыторыя Газы была афіцыйна прызнаная месцам, дзе людзі пакутуюць ад голаду:

– Мы гаворым пра два мільёны людзей, і трэба таксама сказаць, што Сектар Газа быў прызнаны адзіны месцам па-за Афрыкаю, дзе маем справы з голадам, гэты было афіцыйна абвешчана. І ў такім выпадку трэба іначай паводзіцца з людзьмі, якія пакутуюць ад голаду, асабліва з дзецьмі. Бо яны патрабуюць адпаведнай ежы, каб пазней нармальна развівацца.

Высоцкі падкрэсліў, што гуманітарная сітуацыя ў сектары Газа жахлівая. Адбываюцца адключэнні электраэнергіі, разбураныя будынкі, фабрыкі і сельскагаспадарчыя ўгоддзі.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўзначаліла медыцынскую эвакуацыю з Газы. Цяпер, паводле звестак арганізацыі, больш за 15 000 пацыентаў з Газы, у тым ліку 3800 дзяцей, чакаюць эвакуацыі.

Арганізацыя «Лекары без межаў» вярнулася ў горад Газа і зноў адкрыла прыём пацыентаў.

За некалькі апошніх дзён медыкі прынялі больш за пяцьсот чалавек. У большасці гэта людзі, якія атрымалі сурʼёзныя раненні, расказвае Томаш Чарняўскі, прадстаўнік «Лекараў без межаў»:

«Многія з гэтых пацыентаў на працягу апошніх тыдняў не мелі доступу да адпаведнага лячэння ран, перавязкі. «Лекары без межаў» працягваюць дыстанцыйна кансультаваць радзільны дом і бальніцу ў газе. Мяркуем, што атрымаецца павялічыць абʼемы дапамогі, але гэта залежыць і ад пытання бяспекі».

Месяц таму з меркаванняў бяспекі «Лекары без межаў» пакінулі горад Газа, але ўвесь час прысутнічалі на поўдні Сектара Газа.

З 10 кастрычніка дзейнічае перамір'е ў амаль двухгадовай вайне паміж Ізраілем і ХАМАС. Павелічэнне гуманітарнай дапамогі з'яўляецца часткай першага этапу пагаднення. Сусветная харчовая праграма ААН паведаміла ў аўторак, што пасля спынення агню ў сектар Газа паступае больш дапамогі, але ўсё яшчэ менш, чым чакалася. Пастаўкі дасягаюць прыблізна 750 тон прадуктаў харчавання ў дзень у параўнанні з мэтай у 2000 тон у дзень. ААН заклікала Ізраіль адкрыць дадатковыя памежныя пераходы для дапамогі.

IAR/PAP/вх