Міністр унутраных спраў Францыі Ларан Нуньес (Laurent Nunez) заявіў, што цалкам давярае следству аб крадзяжы ў Лувры. Такім чынам ён пракаментаваў арышт двух мужчын, якія, паводле інфармацыі, належалі да групы, адказнай за злачынства. Інфармацыю пра затрыманне апублікавала газета Le Parisien. «Выказваю самыя шчырыя падзякі следчым, якія працавалі нястомна, як я і прасіў, і якія заўсёды мелі мой поўны давер. Расследаванне павінна працягвацца з павагай да таямніцы следства», — падкрэсліў міністр у паведамленні ў сетцы X.
Затрыманні адбыліся ў суботу ў Парыжскім рэгіёне. Адзін з арыштаваных планаваў уцячы — яго спынілі ў аэрапорце перад вылетам у Алжыр. Неўзабаве пасля гэтага адбылося другое затрыманне — у прыгарадзе Парыжа. Паводле звестак у СМІ, абодва затрыманыя былі вядомыя паліцыі і раней удзельнічалі ў падобных крадзяжах.
Парыжская пракуратура ў апублікаванай заяве раскрытыкавала СМІ за распаўсюд інфармацыі пра затрыманні. «Такія паведамленні могуць толькі ўскладніць працу каля ста следчых, якія шукаюць як скрадзеныя каштоўнасці, так і ўсіх удзельнікаў злачынства», — заявіла пракурор Парыжа Лор Бэко (Laure Beccuau).
У мінулую нядзелю (19 кастрычніка) раніцай злодзеі ў масках прабраліся ў Галерэю Апалона ў Луўры, дзе захоўваюцца французскія каронныя каштоўнасці. Падчас васьміхвіліннай аперацыі яны вынеслі бясцэнныя ювелірныя вырабы, у тым ліку ўпрыгожанні жонкі Напалеона, імператрыцы Марыі Людвікі, і дыядэму жонкі Напалеона ІІІ, імператрыцы Яўгеніі, коштам 88 мільёнаў еўра. Злодзеі, скарыстаўшы пад'ёмнік, узняліся на балкон першага паверха і адтуль трапілі ў галерэю.
Хаця французскія міністры запэўніваюць, што ў той дзень ахова музея дзейнічала належным чынам, дырэктар Луўра Ларанс дэ Кар (Laurence des Cars) адзначыла, што інфраструктура музея слабая і «старыя». Яна паведаміла французскім парламентарыям, што адзіная камера, якая сачыла за вонкавай сцяной, дзе адбыўся крадзеж, была накіраваная ў няправільны бок.
IAR/нг