З прычыны новай партыі метэазондаў, якія заляцелі ў Літву з тэрыторыі Беларусі, з вечара 26 кастрычніка зноў не працаваў аэрапорт Вільні. Усе рэйсы адклалі ў 21:42, паведамляе «Свабода».
Толькі а 4:30 аэрапорт аднавіў сваю працу. Агулам за гэты час змены ўнеслі ў 47 рэйсаў, што збіла графік больш як 7 000 пасажыраў. 13 рэйсаў скасавалі, 14 перанакіравалі, 20 затрымалі, піша Delfi.
За тыдзень Віленскі аэрапорт зачыняўся чатыры разы. Шторазу гэта адбывалася праз прылёт мэтеазондаў, на якіх з Беларусі ў Літву дастаўляюць кантрабанду.
Улады Літвы раней папярэджвалі пра закрыццё мяжы ў выпадку паўтарэння падобных падзей і 26 кастрычніка зачынілі пераходы ў Беняконях і Салечніках.
Раней прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзіт з Беларусі ў Калінінградскую вобласць (РФ) праз залёт у краіну метэазондаў з Беларусі.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене анансавала пасяджэнне камісіі па нацыянальнай бяспецы, па выніках якога 27 кастрычніка будуць прапанаваныя «канкрэтныя рашэнні» па сітуацыі з метэазондамі.
аз