Каля 3:00 гадзіны раніцы правалам закончыліся перамовы ў Бруселі адносна новай мэты ЕС па захаванні клімату. Міністры аховы навакольнага асяроддзя краін-членаў не змаглі дамовіцца аб скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу на 90% да 2040 года ў параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў. Польшча абвясціла, што не падтрымае новых мэтаў. Пасяджэнне аднавілася а 8:00 раніцы.
Дацкае старшынства адчайна шукала пагаднення. «Мы падрыхтавалі кампрамісны тэкст, і цяпер усё залежыць ад палітычнай волі», — сказаў міністр клімату і энергетыкі Даніі Ларс Аагард (Lars Aagaard). Але гэтай волі не было. Утварылася блакуючая меншасць, у тым ліку Польшча, якая сцвярджала, што кліматычныя амбіцыі ЕС могуць негатыўна паўплываць на канкурэнтаздольнасць эканомікі і што неабходна знайсці баланс. «Мы не хочам разбураць клімат, але мы таксама не хочам разбураць эканоміку», — падкрэсліў намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Кшыштаф Балеста (Krzysztof Bolesta).
Групе краін, у тым ліку Польшчы, удалося змякчыць некаторыя палажэнні ў прапанаваных правілах, але Варшава ўсё роўна прагаласавала «супраць». Гаворка ідзе між іншым пра вызваленне абароннай прамысловасці ад кліматычных нормаў, пункт аб пераглядзе эканамічнай сітуацыі кожныя два гады і зніжэнні мэты скарачэння выкідаў CO2 пры неабходнасці. З іншага боку, сярод краін, якія выступаюць за пагадненне, пры гэтым яны супраць паслаблення правіл, — Нідэрланды, Іспанія, Германія, Швецыя і Фінляндыя.
IAR/нг