У Германіі гучыць усё больш крытычных галасоў у адрас аўкцыёну памятных рэчаў, звязаных з Халакостам. У горадзе Нойс на продаж выставілі больш як 600 прадметаў і дакументаў вязняў канцэнтрацыйных лагераў. Міжнародны Камітэт Аўшвіц патрабуе адмяніць аўкцыён.
У 12 тысяч еўра ацанілі карэспандэнцыю яўрэйскай сям’і з польскага Верушова. 85 паштовак, якія дасылалі бацькі і трое дзяцей, аўкцыённы дом Felzmann апісаў як — цытата:
«Гэта рэдкасць, бо ў 1943 годзе ў жывых засталося няшмат яўрэяў».
600 еўра — пачатковая цана за дакументы, якія датычацца арышту ўдзельніка няўдалага замаху на Гітлера. Некалькі сотняў еўра каштуюць, напрыклад, медыцынскае апісанне прамысловай стэрылізацыі мужчыны з данымі яго бацькоў і дзяцей, зорка Давіда са слядамі выкарыстання ці ліст вязня лагера Аўшвіц, дасланы ў Кракаў.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднага Камітэта Аўшвіц Крыстаф Гойбнер (Christoph Heubner) патрабуе адмены аўкцыёну. Прадстаўнікі Інстытута Фрыца Баўэра з Франкфурта-на-Майне і нямецкія публіцысты абвінавачваюць арганізатараў у заробку на памятных рэчах. Аўкцыённы дом пакуль не адрэагаваў на гэтыя абвінавачванні.
IAR/нг