Беларуская Служба

Туск расказаў Мерцу аб дыверсіі на польскай чыгунцы

20.11.2025 18:04
Падчас размовы кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін таксама пацвердзілі далейшую падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй.
Канцлер Германіі Фрыдрых МерцPAP/EPA/FILIP SINGER

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц правёў тэлефонную размову з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам аб нядаўніх актах дыверсіі на польскай чыгунцы. Падчас размовы кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін таксама пацвердзілі далейшую падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй.

У аўторак Фрыдрых Мерц выказаў меркаванне, што яшчэ рана даваць канчатковую ацэнку нядаўнім інцыдэнтам на польскай чыгунцы. Пры гэтым ён зазначыў, што магчыма пацвердзяцца падазрэнні аб «расійскім следзе».

Як паведамлялася, у нядзелю ў Польшчы мелі месца два сур’ёзныя выпадкі дыверсіі на чыгунцы. У першым інцыдэнце каля станцыі Міка (цэнтральнае Мазавецкае ваяводства) выбуховае прыстасаванне было прыведзенае ў дзеянне на пуцях падчас праходжання грузавога цягніка з дапамогай прылады, злучанай з ёй 300-метровым кабелем.

У другім інцыдэнце ў раёне горада Пулавы (Люблінскае ваяводства) на шляху быў устаноўлены сталёвы заціск, верагодна, з мэтай пусціць цягнік з рэек. Паблізу быў устаноўлены мабільны тэлефон, падключаны да зараднай прылады, каб запісваць тое, што адбываецца.

У здзяйсненні дыверсій падазраюцца двое грамадзян Украіны Аляксандр Конанаў і Яўген Іваноў, якія выехалі ў Беларусь яшчэ перад іх ідэнтыфікацыяй праваахоўнымі органамі. Паводле польскіх спецслужбаў, сляды замоўнікаў вядуць у Расію. На тэрыторыі краіны прайшлі затрыманні людзей, якія мелі дачыненне да злачынства.

У сувязі з актамі дыверсіі Польшча прыняла рашэнне закрыць Генеральнае консульства Расіі ў Гданьску.

вс