Ён таксама абвясціў, што накіраваў ліст кіраўніку Еўрапейскай камісіі з гэтай нагоды.
Венгерскі лідар пракаментаваў апублікаваны ў СМІ мірны план ЗША для Украіны. Ён выказаў меркаванне, што «цяпер Еўропа мае два шляхі».
«Расійска-ўкраінская вайна прывяла Еўропу да гістарычнага павароту. Прэзідэнт Дональд Трамп не адмовіўся ад імкнення да міру ва Украіне. Мы можам выйсці з гэтага тупіка і, нарэшце, аб'яднацца вакол мірнай ініцыятывы прэзідэнта Трампа, у тым ліку з брусельскімі чыноўнікамі. Гэта запатрабуе ад лідараў, якія выступаюць за вайну, сутыкнуцца з тым фактам, што за апошнія тры з паловай гады яны марнавалі цяжка заробленыя грошы еўрапейцаў на вайну, якую нельга выйграць на полі бою», — сказаў Орбан.
«Другі шлях вядзе непасрэдна да вайны. Калі еўрапейскія лідары, якія выступаюць за вайну, працягнуць уліваць грошы і зброю ва Украіну без падтрымкі ЗША, яны пракладуць шлях да еўрапейска-расійскага канфлікту. Еўропа добра ведае, куды вядзе гэты шлях, і наступствы жахлівыя», — дадаў ён.
Венгерскі лідар падкрэсліў, што «няма ніякіх сумневаў, які шлях абярэ Венгрыя, і гэта шлях міру». «Гэта мандат, дадзены нам венгерскім народам, і гэтага патрабуюць маральнасць і здаровы сэнс. У гэтым духу я пішу сёння ліст Урсуле фон дэр Ляен, прэзідэнту Еўрапейскай камісіі», — сказаў Орбан.
У чацвер Axios апублікавала падрабязнасці 28-пунктнага мірнага плана для Украіны, узгодненага ЗША і Расіяй. Згодна з планам, Кіеў, сярод іншага, абавязваецца не ўступаць у НАТА, скараціць сваю армію да 600 000 вайскоўцаў і перадаць частку сваёй тэрыторыі Расіі. Узамен украінскі бок можа чакаць гарантый бяспекі, якія, паводле звестак сайта, падобныя да тых, што дзейнічаюць у рамках НАТА.
У пятніцу агенцтва Reuters паведаміла, што Украіна, Францыя, Германія і Вялікабрытанія працуюць над альтэрнатыўнай прапановай да 28-пунктнага мірнага плана ЗША. Іншыя еўрапейскія краіны, верагодна, будуць удзельнічаць у распрацоўцы альтэрнатыўнай прапановы.
PAP/вх