У сераду, 26 лістапада, Еўрапейскі парламент абмяркуе апошнія акты дыверсій на чыгуначных шляхах у Польшчы. «Пастаянныя парушэнні паветранай прасторы і дыверсіі на крытычна важнай інфраструктуры з боку Расіі і Беларусі» — гэта тэма дэбатаў на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу.
Правесці дэбаты заклікалі польскія дэпутаты Еўрапарламента. Анджэй Галіцкі (Andrzej Halicki), кіраўнік польскай дэлегацыі ў Еўрапейскай народнай партыі, падкрэсліў, што падзеі ў Польшчы з'яўляюцца беспрэцэдэнтным крокам у гібрыднай вайне, якую Расія абвясціла Еўропе.
«Еўрапейскі парламент павінен аказаць ціск на Камісію, каб дапамагчы дзяржавам, урадам і нашым грамадзянам адчуваць сябе больш бяспечна. Няма больш важнай задачы, чым бяспека Еўропы», — дадаў дэпутат Еўрапарламента ад Грамадзянскай кааліцыі.
Галіцкі лічыць неабходным павялічыць фінансаванне, сярод іншага, абароны кіберпрасторы і маніторынгу крытычна важнай інфраструктуры.
«Мы павінны выкарыстоўваць гэты форум, каб паказаць, што мы павінны засяродзіцца на Польшчы, што як мага больш фінансавых сродкаў, абсталявання і грантаў павінна пайсці ў Польшчу», — пракаментаваў Патрык Які (Patryk Jaki), сустаршыня групы Еўрапейскіх кансерватараў ад партыі «Права і справядлівасць».
Дыскусія будзе падсумавана ў рэзалюцыі, якую дэпутаты прымуць на наступнай сесіі Еўрапейскага парламента ў снежні.
IAR/нг