Беларуская Служба

Польшча і Латвія гатовыя весці перамовы з Літвой аб магчымасці скаардынаванага закрыцця мяжы з Беларуссю

27.11.2025 09:15
Пра гэта паведаміла прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене.
   ( )
Пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог»)крыніца: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы/Valstybės sienos apsaugos tarnyba

Гэта звязана з ростам колькасці інцыдэнтаў з кантрабанднымі паветранымі шарамі, якія ўжо некалькі тыдняў паралізуюць віленскі аэрапорт.

Літва часова закрыла мяжу з Беларуссю ў кастрычніку. Два тыдні таму, пасля таго, як Вільня заявіла аб зніжэнні колькасці інцыдэнтаў з паветранымі шарамі, пераходы былі зноў адкрыты. Нягледзячы на гэта, віленскі аэрапорт зноў не мог працаваць у мінулыя выхадныя з-за выяўлення сарака абʼектаў, якія ляцяць у бок літоўскай тэрыторыі.

На пытанне ў эфіры літоўскага грамадскага тэлебачання LRT, ці разгледзяць Польшча і Латвія таксама магчымасць закрыцця мяжы з Беларуссю, калі Літва захоча яе зноў закрыць, Інга Ругінене адказала:

«Прэмʼер-міністры Польшчы і Латвіі запэўнілі мяне, што пры неабходнасці яны гатовыя сесці і абмеркаваць такую магчымасць».

Аднак яна дадала, што гэты этап яшчэ не дасягнуты, але як толькі ён будзе дасягнуты, яна запросіць усіх прэмʼер-міністраў, і дзеянні будуць скаардынаваны.

Прэмʼер-міністр Літвы заявіла, што Еўрапейская камісія таксама актыўна цікавіцца сітуацыяй. Літва называе інцыдэнты з кантрабанднымі паветранымі шарамі, запушчанымі з Беларусі, гібрыднай атакай. За апошнія два месяцы аэрапорты ў Вільні і Каўнасе былі зачыненыя ў агульнай складанасці дзевяць раз, што паўплывала прыкладна на 250 рэйсаў і больш за 36 тысяч пасажыраў.

ав