Пасля месяцаў дыскусій Рада Еўрапейскага Саюза ўзгадніла агульную пазіцыю па праекце рэгламенту ЕС, вядомага як Chat Control 2.0. Рэгламент вырашае сур'ёзную праблему: ён прызначаны для прадухілення жорсткага абыходжання з дзецьмі, у тым ліку перадачы матэрыялаў, якія адлюстроўваюць сэксуальны гвалт над дзецьмі. Аднак абаронцы прыватнасці баяцца злоўжывання новым законам для прасочвання анлайн-камунікацый.
У чым сутнасць кантролю чатаў? Перш чым паведамленне будзе зашыфравана і даслана адрасату, яно аналізуецца лакальна — на тэлефоне адпраўніка — алгарытмам пастаўшчыка мэсэнджара. Сістэма стварае з кантэнту лічбавы адбітак, так званы «хэш», а потым параўноўвае яго з базай узораў CSAM, сабраных еўрапейскім агенцтвам. Калі алгарытм палічыць паведамленне падазроным, яно аўтаматычна адзначаецца і адпраўляецца ў выглядзе рапарта ў сістэму назірання. Карыстальнік пра гэта не інфармуецца. Сканаванне будзе ахопліваць усе паведамленні.
Польскі ўрад ужо неаднаразова выказваў нязгоду з увядзеннем кантролю чатаў. Як паведамляюць у Міністэрстве лічбавізацыі, для Польшчы важна, каб рэгуляцыі дапамагалі пераследаваць злачынцаў, але не стваралі механізму татальнага назірання за ўсімі карыстальнікамі інтэрнэту.
Цяпер пачнуцца перамовы паміж Радай, Еўрапейскай камісіяй і Еўрапарламентам. Перш чым рэгуляцыя будзе прынятая, інстытуты ЕС павінны падрыхтаваць агульную прапанову.
яс