Беларуская Служба

Платформа X Ілана Маска заблакавала акаўнт Еўракамісіі. Раней Еўрасаюз аштрафаваў сацсетку на 120 млн еўра

07.12.2025 18:01
Платформа закрыла Еўракамісіі доступ да інструментаў пакупкі і адсочвання рэкламы.
 X
Платформа X Henry Franklin/Shutterstock.com

Еўрапейская камісія страціла доступ да рэкламнага акаўнта на платформе X пасля таго, як аштрафавала сетку на 120 млн еўра за парушэнне правілаў празрыстасці, паведамляе Politico.

«Ваш рэкламны акаўнт заблакаваны», – напісаў на платформе кіраўнік аддзела прадуктаў кампаніі Нікіта Біер.

Паводле дадзеных Politico, платформа закрыла Еўракамісіі доступ да інструментаў пакупкі і адсочвання рэкламы.

Біер растлумачыў, што гэта звязана з тым, што Еўракамісія нібыта спрабавала пашырыць аўдыторыю свайго поста аб штрафе сацсеткі, скарыстаўшыся адным з інструментаў кіравання рэкламным кантэнтам.

«X лічыць, што ўсе павінны мець роўныя правы на нашай платформе. Але, здаецца, вы лічыце, што да вашага ўласнага акаўнта правілы не павінны прымяняцца», – заявіў Біер.

Еўрапейская камісія аштрафавала платформу X, якая з’яўляецца ўласнасцю амерыканскага мільярдэра Ілана Маска, на 120 млн еўра за парушэнне еўрапейскіх патрабаванняў празрыстасці 5 снежня. Пасля гэтага Ілан Маск заклікаў «распусціць Еўрасаюз».

вс