Гэта частка рэформы, якую праводзіць кіраўнік Пентагона Піт Хегсет. Рэформа скіраваная на скарачэнне колькасці так званых «чатырохзоркавых» генералаў, то бок людзей з высокім вайсковым званнем. Гэта таксама адпавядае новай стратэгіі адміністрацыі Трампа па пераключэнні рэсурсаў з Блізкага Усходу і Еўропы, каб засяродзіцца найперш на Заходнім паўшар'і.
Згодна з планам, падрыхтаваным пад кіраўніцтвам генерала Дэна Кейна, старшыні Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў, камандаванні, адказныя за Еўропу (EUCOM), Афрыку (AFRICOM) і Блізкі Усход (CENTCOM), будуць падпарадкаваны новай агульнай структуры – Міжнароднаму камандаванню. Акрамя таго, Паўночнае і Паўднёвае камандаванні, адказныя за рэгіёны Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, будуць абʼяднаны ў Амерыканскае камандаванне (AMERICOM). Толькі Інда-Ціхаакіянскае камандаванне (INDOPACOM) застанецца нязменным.
План можа быць прадстаўлены Хегсету на гэтым тыдні і павінен быць ім ухвалены.
Рэформы скароцяць колькасць камандаванняў з 11 да васьмі. Пентагон адмовіўся каментаваць гэтае пытанне.
Планы Хегсета выклікаюць заклапочанасць у Кангрэса, які ўключыў палажэнні ў законапраект аб бюджэце абароны, кангрэсмэны патрабуюць ад міністэрства падрыхтаваць ацэнку выдаткаў на рэформы і ўплыў на саюзы Амерыкі.
РАР/вх