Францыя ўтойвае інфармацыю пра замарожаныя расійскія актывы ў прыватных банках на суму 18 млрд еўра — піша Forsal са спасылкай на Financial Times. Еўрапейскія краіны аказваюць усё большы ціск на Парыж у сувязі з планам прадастаўлення Украіне так званай рэпарацыйнай пазыкі.
Францыя дагэтуль не раскрыла падрабязнасцей пра ўстановы, якія захоўваюць расійскія дзяржаўныя сродкі, і спосабы выкарыстання налічаных працэнтаў, заяўляючы, што гэта пытанне канфідэнцыяльнасці дадзеных кліентаў.
Еўрапейская камісія плануе выдзеліць Украіне рэпарацыйную пазыку, якая павінна фінансавацца з расійскіх дзяржаўных актываў, замарожаных па ўсёй Еўропе. Ідзе гаворка не толькі пра асноўную частку гэтых сродкаў — 185 млрд еўра, што захоўваюцца ў Euroclear, міжнароднай фінансавай установе са штаб-кватэрай у Бруселі. Паводле выдання, амаль усе астатнія расійскія актывы – 25 млрд еўра – замарожаны ў камерцыйных банках Францыі і Бельгіі. Актывы Расіі размешчаны таксама ў іншых краінах Еўропы, у тым ліку 200 млн еўра ў Германіі, менш за 100 млн на Кіпры і 10 тысяч еўра ў Швецыі.
Паводле чатырох асоб, знаёмых з сітуацыяй, расійскія актывы ў Францыі на суму 18 млрд еўра знаходзяцца галоўным чынам у камерцыйных банках. Іх колькасць і назвы застаюцца невядомымі. Тры крыніцы FT паведамілі, што большасць актываў захоўваецца ў найбуйнейшым крэдытным банку краіны — BNP Paribas. Банк адмовіўся каментаваць, гэтак жа, як Credit Agricole і Societe Generale.
У панядзелак кіраўнікі сямі краін ЕС, у тым ліку прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, у агульным лісце да старшыні Еўрапейскай рады Антоніу Кошты і старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен заклікалі хутка прыняць механізм падтрымкі Украіны, які базуецца на рэпарацыйнай пазыцы.
Згодна з прапановай Еўракамісіі, замарожаныя з 2022 года актывы расійскага цэнтрабанка павінны быць выкарыстаны для фінансавання рэпарацыйнай пазыкі для Украіны. Украіна павінна будзе вярнуць гэтыя сродкі пасля таго, як Расія выплаціць ёй кампенсацыю за ваенныя страты.
Прапанова выкарыстаць расійскія актывы не патрабуе адабрэння ўсіх 27 краін ЕС — дастаткова кваліфікаванай большасці: 15 дзяржаў-членаў, якія разам уяўляюць 65% насельніцтва Саюза. Бельгія супраць рашэння, паколькі апасаецца, што ёй давядзецца самастойна выплачваць грошы Расіі, калі тая падасць у суд і выйграе.
нг