Міністэрства замежных спраў Даніі выкліча пасла ЗША пасля прызначэння прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам спецыяльнага пасланніка па Грэнландыі, абвясціў у панядзелак міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёке Расмусен. Грэнландыя з'яўляецца аўтаномнай тэрыторыяй Даніі.
«Пасля кансультацый з маімі грэнландскімі калегамі я вырашыў выклікаць пасла ЗША на сустрэчу», – сказаў Расмусен у эфіры дацкага грамадскага вяшчальніка DR. Ён дадаў, што Данія і Грэнландыя «хочуць даць зразумець Злучаным Штатам Амерыкі, што ў іхныя справы не можа быць ніякага ўмяшання».
Расмусен нагадаў, што ў Капенгагене ёсць пасол ЗША і што Данія падтрымлівае з ім дыпламатычныя адносіны. Ён назваў прызначэнне Трампам спецыяльнага пасланніка па Грэнландыі эскалацыяй спрэчкі. Расмусен таксама раскрытыкаваў заяву ў сацсетках Джэфа Лэндры, што яго задачай будзе «інтэграцыя Грэнландыі ў склад ЗША». «Гэта абсалютна непрымальная заява», – падкрэсліў міністр замежных спраў Даніі.
Раней Ларс Лёке Расмусен падкрэсліў у заяве для СМІ, што «ўсе, у тым ліку Злучаныя Штаты, павінны паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Грэнландыі і Даніі».
У нядзелю прэзідэнт ЗША абвясціў, што рэспубліканскі губернатар Луізіяны Джэф Лэндры прызначаны прадстаўніком краіны ў Грэнландыі.
У снежні мінае год з таго часу, як Трамп, тады яшчэ кандыдат у прэзідэнты ЗША, упершыню выказаўся пра неабходнасць захопу вострава. З таго часу дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і ўрадам у Капенгагене знаходзяцца ў крызісе. У сваю чаргу, у Грэнландыі дайшло да антыамерыканскіх пратэстаў.
У паведамленні на сайце Truth Social Трамп напісаў, што Лэндры «разумее, наколькі важная Грэнландыя для нацыянальнай бяспекі ЗША, і будзе рашуча абараняць інтарэсы краіны».
Паводле экспертаў Дацкага інстытута міжнародных даследаванняў, прызначэнне спецыяльнага пасланніка па Грэнландыі сведчыць пра тое, што востраў застаецца важным для Дональда Трампа.
PAP/аз