Чарговы раз Вільня сустрэне Новы год без феерверкаў. Замест гэтага апоўначы на Саборнай плошчы адбудзецца спецыяльнае светлавое шоу, у прыватнасці на званіцы Віленскага кафедральнага сабора будзе паказаны спецыяльны відэаспектакл.
Чыноўнікі паясняюць, што рашэнне аб адмене паказу феерверкаў прадыктаванае клопатам аб бяспецы, навакольным асяроддзі і здароўі людзей і жывёлы.
Маляўнічыя відэапаказы праводзяцца ў цэнтры літоўскай сталіцы з 2018 года. У сваю чаргу з 2021 года Вільня цалкам адмовілася ад піратэхнічных шоў у навагоднюю ноч.
За бяспекай удзельнікаў навагодніх і пераднавагодніх мерапрыемстваў у цэнтры літоўскай сталіцы будуць сачыць дадатковыя паліцэйскія патрулі. Функцыянеры будуць рэагаваць, сярод іншага, на спробы выкарыстання піратэхнікі.
IAR/аз