У ноч на 3 студзеня ў сталіцы Венесуэлы Каракасе прагрымелі выбухі, частка горада засталася без электразабеспячэння, паведамляе агенцтва Reuters.
Па словах відавочцаў, раніцай у суботу ў горадзе было чуваць і відаць самалёты. Відавочцы таксама бачылі ўдары па ваенным комплексе і авіябазе. Прэзідэнт Калумбіі Густава Петра напісаў у сацсетках, што Каракас «абстрэльваюць ракетамі», не ўдакладніўшы, хто.
«У гэты момант бамбяць Каракас. Увага ўсяго свету – на Венесуэлу здзейснены напад. Абстрэльваюць ракетамі. Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў і ААН павінны неадкладна сабрацца», – заявіў ён.
На вуліцах Каракаса каля прэзідэнцкага палаца Мірафлорэс бачна шмат венесуэльскай бранятэхнікі.
СМІ паведамляюць, што ЗША пачалі авіяўдары ў рамках наземнай вайсковай аперацыі ў Венесуэле.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заяўляў пра наземную аперацыю ў Венесуэле на фоне патрабаванняў, накіраваных да прэзідэнта Нікаласа Мадура, з заклікам пакінуць пасаду.
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура абвясціў аб увядзенні надзвычайнага становішча ў Венесуэле. Гэта зроблена «для абароны правоў насельніцтва, поўнага функцыянавання рэспубліканскіх інстытутаў і неадкладнага пераходу да ўзброенай барацьбы», паведамляе МЗС Венесуэлы.
У амерыканскіх вайсковых структурах пакуль адмаўляюцца каментаваць тое, што адбываецца. У адміністрацыі Трампа заявілі, што ім вядома пра выбухі і амерыканскія самалёты ў Венесуэле, але іншых каментароў там не далі.
Раней Вашынгтон перакінуў у Карыбскі басейн вялікую колькасць самалётаў спецыяльнага прызначэння і некалькі грузавых самалётаў з войскамі і абсталяваннем.
вс