Беларуская Служба

Амерыканская інтэрвенцыя ў Венесуэле: Мадура схоплены амерыканцамі, яго намесніца – у Расіі

03.01.2026 15:49
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пахваліў амерыканскія войскі за правядзенне паспяховай ваеннай аперацыі.
Венесуэльская армія на вуліцах Каракаса PAP/EPA/MARIO CAICEDO

ЗША завяршылі ваенныя дзеянні ў Венесуэле пасля затрымання кіраўніка краіны Нікаласа Мадура, паведаміў амерыканскі сенатар Майк Лі, спасылаючыся на дзяржсакратара Марка Рубіа.

Рубіа заявіў, што Мадура прыйдзецца адказаць перад правасуддзем за свае дзеянні. ЗША не лічаць яго легітымным прэзідэнтам Венесуэлы.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пахваліў амерыканскія войскі за правядзенне паспяховай ваеннай аперацыі.

У інтэрв'ю газеце New York Times ён заявіў, што «гэта была сапраўды геніяльная аперацыя». Пры гэтым Трамп адзначыў, што падрыхтоўка ўдараў запатрабавала ўважлівага планавання.

Паводле CBS News, Мадура быў захоплены элітным падраздзяленнем спецыяльнага прызначэння «Дэльта». Аперацыя суправаджалася ўдарамі па ўстаноўках СПА Венесуэлы і вайсковых абʼектах.

Пазней CNN паведаміла, што Мадура з жонкай схапілі проста ў спальні. «Пару захапілі сярод ночы, калі яны спалі», – паведамілі крыніцы CNN.

ЗША хочуць судзіць Нікаласа Мадуру за наркагандаль.

Польскія службы аналізуюць развіццё падзей пасля начных атак амерыканскіх войскаў у Каракасе, паведаміў віцэ-прэмʼер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Дэлсі Радрыгес заявіла, што ўлады не ведаюць пра «месцазнаходжанне прэзідэнта Нікаласа Мадура і першай лэдзі Сіліі Флорэс».

«Мы патрабуем ад урада Злучаных Штатаў доказаў таго, што яны жывыя», – сказала віцэ-прэзідэнт у інтэрвʼю дзяржаўнай тэлекампаніі.

Паводле слоў Радрыгес, прэзідэнт Мадура раней выдаў афіцыйныя інструкцыі і абʼявіў на ўсёй тэрыторыі краіны «стан знешняй пагрозы».

Тым часам агенцтва Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы паведаміла, што Дэлсі Радрыгес знаходзіцца ў Расіі.

Міністр абароны Венесуэлы Уладзімір Падрына Лопес заявіў, што атака ЗША не мае дачынення да барацьбы з міжнародным тэрарызмам.

«Гэтае ўварванне – найбуйнейшы ўдар, які калі-небудзь спасціг нашу краіну, і адказ на ненасытную прагнасць да нашых стратэгічных рэсурсаў», – сказаў ён.

Урад Венесуэлы заклікаў насельніцтва да мабілізацыі пасля «імперыялістычнай атакі», а Савет Бяспекі ААН – да правядзення надзвычайнага пасяджэння.

Саюзнікі венесуэльскага рэжыму, такія як Іран, Расія і Беларусь, асудзілі дзеянні ЗША.

63‑гадовы Нікалас Мадура ўзначальваў Венесуэлу з 2013 года. Захад не прызнаваў вынікаў выбараў, згодна з якімі ён пераабіраўся на новыя тэрміны.

вс

ЗША нанеслі ўдар па сталіцы Венесуэлы Каракасе

03.01.2026 09:28
ЗША пачалі авіяўдары ў рамках наземнай вайсковай аперацыі ў Венесуэле.

Нікалас Мадура захоплены і вывезены з Венесуэлы

03.01.2026 12:16
Пра гэта паведаміў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social.