Беларуская Служба

Еўрапейскія краіны падтрымалі Данію ў пытанні Грэнландыі

06.01.2026 16:02
«На жаль, я лічу, што прэзідэнта ЗША трэба ўспрымаць сур'ёзна, калі ён кажа, што хоча Грэнландыю», – прэмʼер Даніі.
Населены пункт на Грэнландыі dassel/pixabay.com/CC0

Прэмʼер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен заявіла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сурʼёзна разглядае магчымасць пераходу Грэнландыі пад кантроль Злучаных Штатаў.

«На жаль, я лічу, што прэзідэнта ЗША трэба ўспрымаць сурʼёзна, калі ён кажа, што хоча Грэнландыю», – падкрэсліла Фрэдэрыксен. Паводле яе слоў, урад у Капенгагене і ўлады аўтаномнай Грэнландыі паслядоўна ды катэгарычна абвяргаюць такі сцэнарый. Яна таксама адзначыла, што любыя спробы ціску на краіну-члена НАТА былі б недапушчальныя. «Калі Злучаныя Штаты нападуць на краіну НАТА, усё закончыцца», – сказала Фрэдэрыксен.

Сёння еўрапейскія дзяржавы выступілі з сумеснай заявай па Грэнландыі, у якой падкрэслілі, што толькі Данія і Грэнландыя маюць права самастойна вызначаць сваю будучыню. Пад дакументам падпісаліся Польшча, Германія, Францыя, Італія, Іспанія, Вялікабрытанія і Данія.

У заяве зазначаецца, што НАТА ясна пазначыла Арктыку як прыярытэт з пункту гледжання бяспекі, а Каралеўства Данія, уключаючы Грэнландыю, з'яўляецца часткай Паўночнаатлантычнага пакту.

«Бяспека ў Арктыцы павінна забяспечвацца сумесна, у каардынацыі з саюзнікамі па НАТА, уключаючы Злучаныя Штаты», – гаворыцца ў дакуменце.

Аўтары заявы таксама падкрэслілі, што любыя дзеянні ў рэгіёне павінны ажыццяўляцца з выкананнем прынцыпаў суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў.

Сумесная заява стала рэакцыяй на нядаўнія выказванні прэзідэнта ЗША Дональд Трампа, які зноў заявіў, што Грэнландыя, на яго думку, павінна стаць часткай Злучаных Штатаў. Ён сказаў, што ЗША «маюць патрэбу ў Грэнландыі з-за меркаванняў нацыянальнай бяспекі», сцвярджаючы, што Данія нібыта не здольная забяспечыць належную абарону вострава. Трамп таксама заявіў пра шырокую прысутнасць расійскіх і кітайскіх караблёў ля берагоў Грэнландыі.

Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск сказаў, што Данія можа разлічваць на адназначную падтрымку Еўропы, аднак пры гэтым неабходна захаваць партнёрскія адносіны са Злучанымі Штатамі.

- Еўрапейская салідарнасць і павага да тэрытарыяльнай цэласнасці еўрапейскіх дзяржаў – гэта элементарныя пытанні. Таму, зразумела, Данія можа разлічваць на салідарнасць усёй Еўропы – у мяне няма ў гэтым ніякіх сумневаў. Але адначасова трэба рабіць усё, каб еўрапейска-амерыканскія, трансатлантычныя сувязі, якія зʼяўляюцца падмуркам НАТА і нашай бяспекі, не пацярпелі ў бліжэйшыя дні і месяцы з-за тых ці іншых заяў, рашэнняў або непаразуменняў.

Дональд Туск падкрэсліў, што гэта будзе складаная задача, якая патрабуе добрай волі з усіх бакоў. «Я хацеў бы, каб у Вашынгтоне зразумелі, што любыя спробы дэмантажу або падарвання сутнасці існавання НАТА не будуць прынятыя ніводнай еўрапейскай краінай, прынамсі, я на гэта спадзяюся», - сказаў кіраўнік урада.

вс