Беларуская Служба

ЗША выходзяць з 66 міжнародных арганізацый

08.01.2026 09:21
Белы дом тлумачыць гэтае рашэнне абмежаваннем фінансавання ініцыятыў, якія супярэчаць інтарэсам ЗША.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэзідэнт Дональд Трамп загадаў Злучаным Штатам Амерыкі выйсці з 66 міжнародных арганізацый і суб’ектаў. Сярод іх Канвенцыя ААН па клімаце.

Белы дом тлумачыць гэтае рашэнне абаронай амерыканскага суверэнітэту і абмежаваннем фінансавання ініцыятыў, якія супярэчаць інтарэсам ЗША.

Дональд Трамп падпісаў мемарандум, які загадае адміністрацыі прыняць «неадкладныя меры» для выхаду Злучаных Штатаў Амерыкі з 35 міжнародных арганізацый, якія не ўваходзяць у сістэму ААН, і 31 арганізацыі і органа, звязаных з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый.

Сярод названых устаноў: Міжурадавая група экспертаў па змяненні клімату, Канвенцыя ААН па клімаце, Жаночая праграма ААН і Фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Сярод арганізацый, якія не ўваходзяць у ААН: Міжнароднае агенцтва па аднаўляльных крыніцах энергіі, Міжнародны сонечны альянс і Міжнародны саюз аховы прыроды.

Белы дом падкрэслівае, што мэта – спыніць удзел і фінансаванне арганізацый, якія прасоўваюць «радыкальную кліматычную палітыку», «глабальнае кіраванне» і ідэалагічныя праграмы, якія супярэчаць амерыканскаму суверэнітэту і эканамічным прыярытэтам.

Паводле каментатараў, гэта чарговы крок да абмежавання ўдзелу Амерыкі ў глабальным супрацоўніцтве, у тым ліку ў галіне клімату і гуманітарнай дапамогі.

IAR/аз