Возера Балатон замярзае ўпершыню з 2017 года пасля некалькіх дзён моцных маразоў у Венгрыі, паведаміў у пятніцу вэб-сайт Daily News Hungary. Аднак эксперты папярэджваюць, што лёд яшчэ недастаткова тоўсты, каб па ім можна было хадзіць.
Гэтая рэдкая зімовая з'ява азначае ўнікальны момант для найбуйнейшага возера краіны, адзначае венгерскі вэб-сайт.
Нягледзячы на тое, што тэмпература ў апошнія дні была дастаткова нізкай для ўтварэння лёду, частыя, моцныя вятры неаднаразова разбуралі і перамяшчалі плывучыя крыгі па паверхні возера. Такія пагодныя ўмовы запаволілі фармаванне непарушанага пласта лёду. Аднак раніцай у пятніцу сітуацыя змянілася. Хуткасць ветру значна знізілася, а тэмпература каля берагавой лініі ў некалькіх месцах апусцілася ніжэй за -10 градусаў Цэльсія, адзначыла метэаралагічная служба Idokep.
Гэта дазволіла лёду нарэшце ўтварыць суцэльнае пакрыццё на паверхні возера, стварыўшы відовішча, якога не бачылі амаль дзесяць гадоў, гаворыцца ў паведамленні.
Аднак эксперты папярэджваюць аб заўчаснасці выкарыстання лёду, які ўтварыўся на возеры. Улады падкрэсліваюць, што возера Балатон непрыдатнае для катання на каньках ці шпацыраў. Нават там, дзе лёд выглядае цвёрдым, ёсць прыхаваныя слабыя месцы, якія ўяўляюць сурʼёзную пагрозу, падкрэслівае Daily News Hungary.
PAP/юл