Беларуская Служба

Сын зрынутага іранскага шаха заклікае да агульнанацыянальнага страйку

10.01.2026 13:12
У Іране ўжо два тыдні працягваюцца буйныя антыўрадавыя пратэсты, выкліканыя эканамічным крызісам і незадаволенасцю тэакратычным рэжымам. 
Мітынг прыхільнікаў Нацыянальнай рады супраціву ў падтрымку паўстання іранскага народа за дэмакратыюEPA/OLIVIER HOSLET Dostawca: PAP/EPA

У суботу сын апошняга шаха Ірана, Рэза Пехлеві, які жыве ў ЗША, заклікаў пратэстуючых жыхароў краіны захапіць цэнтры гарадоў, а работнікаў транспартнага і энергетычнага сектараў — да агульнанацыянальных страйкаў. Ён заявіў, што рыхтуецца вярнуцца на радзіму.

У Іране ўжо два тыдні працягваюцца буйныя антыўрадавыя пратэсты, выкліканыя эканамічным крызісам і незадаволенасцю тэакратычным рэжымам. Загінулі не менш за 62 чалавекі, арыштавана не менш за 2000 пратэстоўцаў. Беспарадкі распаўсюджваюцца на іншыя гарады, і Іран у значнай ступені адрэзаны ад свету з-за адсутнасці доступу да Інтэрнэту.

У пасланні да пратэстоўцаў Пехлеві высока ацаніў іх «мужнасць і настойлівасць», падкрэсліўшы, што масавая прысутнасць на дэманстрацыях у чацвер і пятніцу была рашучым адказам на пагрозы кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі. Ён сказаў, што наступныя крокі павінны быць сканцэнтраваны як на захаванні прысутнасці на вуліцах, так і на эканамічным ціску, бо спыненне крыніц фінансавання рэжыму паралізуе яго здольнасць працягваць рэпрэсіі. Ён асабліва заклікаў работнікаў транспартнага, нафтагазавага і больш шырокага энергетычнага сектараў пачаць агульнанацыянальны страйк.

Ён заклікаў пратэстоўцаў зноў выйсці на вуліцы ў суботу і нядзелю ўвечары і падкрэсліў, што дэманстранты павінны падрыхтавацца да заняцця і ўтрымання цэнтральных раёнаў буйных гарадоў.

65-гадовы Рэза Пехлеві, бацька якога быў зрынуты Ісламскай рэвалюцыяй у 1979 годзе, таксама абвясціў, што рыхтуецца вярнуцца ў Іран. Ён паабяцаў падтрымаць іранскі народ у тым, што ён назваў перамогай «нацыянальнай рэвалюцыі». Ён дадаў, што верыць, што гэты момант хутка набліжаецца.

PAP/юл